Мінск 12:32

Магчымасці паглыблення чэшска-беларускіх сувязяў абмеркавала Ціханоўская з мэрам Прагі

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

12 чэрвеня, Позірк. Магчымасці паглыблення чэшска-беларускіх сувязяў абмеркавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з мэрам Прагі Багуславам Свобадам.

Галоўны дарадца беларускага палітыка Франак Вячорка паведаміў “Позірку”, што сустрэча адбылася падчас нядаўняга візіту дэмлідара ў Чэхію (10–11 чэрвеня).

Ціханоўская падкрэсліла, што менавіта культура і асвета дапамагаюць захоўваць беларускую ідэнтычнасць ва ўмовах рэпрэсій і выгнання, а таксама будуюць масты паміж народамі Беларусі і Чэхіі.

Палітык падзякавала пражскаму мэру за падтрымку беларускіх ініцыятыў і дыяспары ў чэшскай сталіцы, адзначыла адкрытасць гарадскіх уладаў да супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю.

Госця заклікала кіраўніцтва Прагі і надалей падтрымліваць беларускія грамадзянскія і культурныя ініцыятывы. Яна звярнулася да мэра з просьбай “узяць патранаж” над Кангрэсам беларусаў Чэхіі, які плануецца правесці сёлета ўвосені, а таксама дапамагчы з прадастаўленнем пляцоўкі для беларускіх мерапрыемстваў.

Свобада падкрэсліў, што Прага заўсёды была адкрытая для беларусаў, вітаў вызваленне беларускіх палітвязняў і высока ацаніў працу беларускай дэмакратычнай супольнасці.

“Прагу і Беларусь звязваюць глыбокія гістарычныя сувязі: у 1923–1943 гадах тут знаходзіўся ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні. І сёння наш горад ганарыцца тым, што тут месціцца Офіс дэмакратычных сіл Беларусі”, — напісаў мэр на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

Ціханоўская падчас візіту таксама сустрэлася з міністрам культуры Чэхіі Ота Клемпіржам і наведала перадапаказ Matter of Art Biennale 2026 — аднаго з найбуйнейшых міжнародных форумаў сучаснага мастацтва ў Цэнтральнай Еўропе.

Беларускага палітыка і чэшскага міністра сустрэлі дырэктар галерэі і куратары выставы, якія правялі экскурсію па экспазіцыі. Асобна былі прадстаўленыя працы беларускіх мастакоў Руфіны Базловай і Глеба Аманкулава, якія ўдзельнічаюць у біенале разам з больш як трыццаццю творцамі з розных краін Еўропы і свету.

Ціханоўская сустрэлася з беларускімі аўтарамі і падзякавала, што тыя працягваюць прадстаўляць беларускую культуру на міжнароднай сцэне, нягледзячы на рэпрэсіі і вымушаную эміграцыю.

Дэмлідар падкрэсліла асаблівую ролю Прагі і Чэхіі ў падтрымцы беларускай культуры і выказала ўдзячнасць Клемпіржу за садзейнічанне беларускім культурным ініцыятывам. Яна выказала спадзеў на тое, што чэшскі ўрад будзе і надалей дапамагаць беларускім мастакам, музыкам, даследчыкам і культурным праектам.

Акрамя таго, Ціханоўская выступіла ў Бібліятэцы Вацлава Гавела ў Празе. У публічнай дыскусіі і сустрэчы з дэмлідарам, як паведаміў Вячорка, узяло ўдзел больш за 120 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, экспертнай супольнасці, грамадзянскай супольнасці і беларускай дыяспары.

Ціханоўская наведвала Прагу 10–11 чэрвеня. Падчас візіту яна сустракалася з прэзідэнтам Чэхіі Пётрам Павелам, спікерам Сената Чэхіі Мілашам Выстрчылам, выступіла перад членамі камітэта па замежных справах, абароне і бяспецы Сената — верхняй палаты парламента Чэшскай Рэспублікі.

Падзяліцца: