Мінск 20:20

МНС паведаміла аб ліквідацыі ляснога пажару ў Столінскім раёне

11 кастрычніка, Позірк. Пра ліквідацыю ляснога пажару каля вёскі Альманы Столінскага раёна (Брэсцкая вобласць) паведамляецца ў сутачнай зводцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Пажар быў ліквідаваны 10 кастрычніка ў 17:00. Для гэтага было задзейнічана 19 адзінак тэхнікі і 34 чалавекі, з іх чатыры адзінкі тэхнікі МНС і дзевяць супрацоўнікаў ведамства.

У зводцы МНС за папярэднія суткі гаварылася аб лакалізацыі згаданага пажару.

9 кастрычніка МНС паведаміла аб ліквідацыі тарфянога пажару каля вёскі Альманы.

Пажар на балоце ў Кашара-Альманскім лясніцтве Столінскага лясгаса ўзнік 8 кастрычніка. Паводле інфармацыі Міністэрства лясной гаспадаркі, у той жа вечар ён быў лакалізаваны, ранкам 9 кастрычніка праводзіліся “мерапрыемствы па яго канчатковай ліквідацыі”.

У тушэнні ўдзельнічалі работнікі двух лясгасаў — Столінскага і Палескага — агулам каля 25 чалавек.

Было заяўлена, што, нягледзячы на “моцны вецер і балоцістую, цяжкапраходную мясцовасць”, “буйны лясны масіў атрымалася адстаяць”.

Раней Беларусь атрымлівала сістэматычнае фінансаванне ў рамках праектаў з Еўрапейскім саюзам па лініі абароны лясоў і падтрымкі службы выратавання.

Супраца ЕС з Мінскам у выглядзе міжнароднай тэхнічнай дапамогі была прыпыненая амаль па ўсіх напрамках у сувязі з рэпрэсіямі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ўдзелам краіны ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Падзяліцца: