Мінск 12:47

Лясны пажар у Столінскім раёне лакалізаваны, але пакуль не патушаны — звесткі МНС

Ілюстрацыйнае фота: Raquel Raclette / unsplash.com

10 кастрычніка, Позірк. Ліквідацыя ляснога пажару ля вёскі Альманы (Столінскі раён Брэсцкай вобласці) працягваецца, вынікае з апублікаванай ранкам 10 кастрычніка зводкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Паводле інфармацыі ведамства, “пажар лакалізаваны”.

Напярэдадні МНС паведаміла пра ліквідацыю тарфянога пажару ля гэтай вёскі.

Пажар на балоце ў Кашара-Альманскім лясніцтве Столінскага лясгаса ўзнік 8 кастрычніка. Паводле інфармацыі Міністэрства лясной гаспадаркі, у той жа вечар ён быў лакалізаваны, ранкам 9 кастрычніка праводзіліся “мерапрыемствы па яго канчатковай ліквідацыі”.

У тушэнні ўдзельнічалі работнікі двух лясгасаў — Столінскага і Палескага — агулам каля 25 чалавек.

Было заяўлена, што, нягледзячы на “моцны вецер і балоцістую, цяжкапраходную мясцовасць”, “буйны лясны масіў атрымалася адстаяць”.

Раней Беларусь атрымлівала сістэматычнае фінансаванне ў рамках праектаў з Еўрапейскім саюзам па лініі абароны лясоў і падтрымкі службы выратавання.

Супраца ЕС з Мінскам у выглядзе міжнароднай тэхнічнай дапамогі была прыпыненая амаль па ўсіх напрамках у сувязі з рэпрэсіямі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ўдзелам краіны ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Падзяліцца: