Мінск 14:41

Два беларусы затрыманыя ў Польшчы за кантрабанду цыгарэт

Фота: Памежная ахова Польшчы

9 кастрычніка, Позірк. Пра затрыманне шасці чалавек па падазрэнні ў кантрабандзе цыгарэт з Беларусі з выкарыстаннем метэаралагічных шароў паведаміла 9 кастрычніка Памежная ахова Польшчы.

Сярод затрыманых — два грамадзяніны Беларусі.

Адзін з беларусаў, як адзначаецца, перавозіў на аўтамабілі ў гміне Кнышын 11 тыс. пачкаў цыгарэт коштам 227 тыс. злотых (больш за 58 тыс. долараў).

Чацвёра грамадзян Латвіі і яшчэ адзін беларус затрыманыя ў гміне Завады. У багажніку іх аўтамабіля выяўлена больш за 14 тыс. пачкаў цыгарэт коштам каля 290 тыс. злотых (больш за 74 тыс. долараў).

Усе шасцёра паводле рашэння суда заключаныя пад варту на тры месяцы. Ім выстаўленыя абвінавачванні паводле Крымінальна-падаткавага кодэкса Польшчы, а таксама паводле закона аб “супрацьдзеянні падтрымцы агрэсіі супраць Украіны і абароне нацыянальнай бяспекі”. За інкрымінаваныя дзеянні прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін не менш за тры гады.

Паведамляецца, што пачатку года польскія памежнікі выявілі кантрабандныя цыгарэты, дастаўленыя з Беларусі паветраным шляхам, на суму больш за 7,8 млн злотых (каля 2 млн долараў). Затрымана 46 чалавек.

Падзяліцца: