Мінск 15:01

Мінская кампанія прапануе працу 10 кіроўцам таксі, абавязковая ўмова — веданне туркменскай мовы

Ілюстрацыя: сайт Дзяржаўнай службы занятасці

9 кастрычніка, Позірк. Зарэгістраванае ў Мінску ТАА “СьераЛіма” прапануе 10 вакансій кіроўцаў таксі на партале Дзяржаўнай службы занятасці.

У аб’яве адной з абавязковых умоў працаўладкавання ўказана валоданне туркменскай мовай (“у дасканаласці або носьбіт”).

Пры гэтым зарплата патэнцыйным суіскальнікам прапануецца невялікая: ад 1.000 да 1.200 рублёў.

Дырэктарам ТАА“ СьераЛіма”, як адзначана, з’яўляецца Сапармырат Гурбанаў. Кампанія зарэгістраваная 9 красавіка 2025 года, яе асноўны від дзейнасці — таксі.

У цяперашні час у Туркменістане знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка, які прымае ўдзел у саміце СНД. Паводле паведамлення прэс-службы палітыка, напярэдадні саміту адбылася яго сустрэча з прэзідэнтам Туркменістана Сердарам Бердымухамедавым. Яе падрабязнасці не паведамляюцца.

Паводле звестак МУС на сакавік гэтага года, грамадзяне Туркменістана складалі амаль палову ўсіх працоўных мігрантаў у Беларусі (48%, 23.050 чалавек). Далей ішлі грамадзяне Расіі (10%, 4.677), Украіны (9%, 4.389), Узбекістана (7,5%, 3.618), Кітая (7%, 3.438).

Падзяліцца: