Мінск 22:22

Украіна можа дазволіць беларусам выкарыстоўваць пратэрмінаваныя пашпарты для некаторых міграцыйных працэдур

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

10 кастрычніка, Позірк. Прымаць у грамадзян Беларусі і Расіі пратэрмінаваныя пашпарты пры некаторых міграцыйных працэдурах прапануецца ў законапраекце, які з ўласнай ініцыятывы распрацавала і прадставіла напрыканцы верасня Дзяржаўная міграцыйная служба Украіны.

Напрыклад, з улікам таго, што ва Украіне спыненая праца беларускіх і расійскіх дыпламатычных прадстаўніцтваў, прапануецца даць магчымасць грамадзянам гэтых краін выкарыстоўваць пратэрмінаваныя пашпарты або пашпарты, якія маюць быць замененыя, для абмену часовага дазволу на пражыванне, што быў атрыманы паводле шэрагу падстаў, прапісаных у законе “Аб прававым статусе замежнікаў і асоб без грамадзянства”.

Гэта, як паказаў праведзены “Позіркам” аналіз украінскага заканадаўства, такія падставы, як працаўладкаванне, удзел у праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі, ажыццяўленне рэлігійнай, культурнай, навуковай, адукацыйнай або валанцёрскай дзейнасці, праца ў замежных СМІ, вядзенне бізнесу, навучанне або сямейныя абставіны.

Прапануецца таксама дазволіць афармляць першы або абменьваць раней аформлены ДНЖ грамадзянам Беларусі і РФ, чкія маюць дзейны праязны дакумент, выдадзены замежнай дзяржавай, альбо дакумент, што пацвярджае атрыманне міжнароднай абароны ў іншай краіне (у абодвух выпадках — з пазначэннем у дакуменце грамадзянства або яго адсутнасці). Аднак падставы для ДНЖ у гэтым выпадку іншыя — уз’яднанне сям’і з грамадзянамі Украіны або пэўнымі катэгорыямі замежнікаў, якія законна пражываюць ва Украіне; вайсковая служба на падставе кантракту ва ўкраінскіх сілах абароны; удзел у абароне Украіны або непасрэдная дапамога ўкраінскім вайскоўцам.

Афармляць або абменьваць сталы ДНЖ, згодна з законапраектам, беларусам і расіянам прапануецца ў тым ліку з выкарыстаннем пратэрмінаванага пашпарту або пашпарту, які мае быць заменены, а таксама з выкарыстаннем копіі страчанага пашпарта (калі раней ён ужо падаваўся для атрымання дазволу на іміграцыю або афармлення сталага ДНЖ).

Іншыя папраўкі ў законапраекце — да законаў “Аб прававым статусе замежнікаў і асоб без грамадзянства” і “Аб іміграцыі” — тычацца замежнікаў, якія для замены пашпарта былі б вымушаныя звяртацца да ўладаў краін, што здзейснілі ўзброеную агрэсію супраць Украіны; не прызнаюць тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт Украіны або адмаўляюць незаконнасць замахаў на іх; пераследуюць сваіх грамадзян за ўдзел у баявых дзеяннях на баку іншай дзяржавы.

Прапануецца дазволіць грамадзянам такіх краін пры атрыманні дазволу на іміграцыю выкарыстоўваць пратэрмінаваныя пашпарты або пашпарты, якія маюць быць замененыя. Тычыцца гэта не ўсіх — гаворка пра замежнікаў, якія праслужылі не менш за 3 гады (або не менш за 1 год падчас ваеннага становішча) ва УСУ, Дзяржаўнай спецслужбе транспарту або Нацгвардыі; замежнікаў, прызнаных непрыдатнымі да вайсковай службы праз раненні або захворванні, атрыманыя пры выкананні абавязкаў; а таксама сужэнцаў, непаўналетніх дзяцей і бацькоў сужэнцаў загінулых: украінскіх вайскоўцаў; замежнікаў, якія служылі ва ўкраінскіх сілах абароны; замежнікаў або асоб без грамадзянства, якія дапамагалі ўкраінскім вайскоўцам непасрэдна ў раёнах баявых дзеянняў і ўдзельнічалі ў выкананні баявых або службовых задач.

Акрамя таго, пры афармленні часовага ДНЖ выкарыстоўваць пратэрмінаваныя пашпарты або пашпарты, якія патрабуюць замены, прапануецца замежнікам (і членам іх сем’яў), якія праходзяць ва Украіне вайсковую службу на падставе кантракту, а таксама асобным катэгорыям замежнікаў, якія ўдзельнічалі ў абароне Украіны або дапамагалі ўкраінскім вайскоўцам.

Місія дэмакратычных сіл Беларусі ва Украіне выступіла ў падтрымку гэтага законапраекта. У той жа час яна накіравала ў міграцыйную службу прапанову “распаўсюдзіць магчымасць выкарыстання пратэрмінаванага пашпарта пры атрыманні дазволу на іміграцыю таксама на членаў сем’яў грамадзян Украіны — у прыватнасці, сужэнцаў пасля 2 гадоў шлюбу, дзяцей і бацькоў”. Місія таксама прапанавала “прывязаць дзеянне адмысловага парадку не да тэрміну ваеннага становішча, а да фактычнай адсутнасці консульскіх паслуг па афармленні і абмене пашпартоў, бо завяршэнне ваеннага становішча не азначае аўтаматычнага аднаўлення такіх паслуг”.

“Місія не прапаноўвала ў рамках гэтага законапраекта асобных змен для людзей, якія не маюць дзейных дакументаў і раней не прайшлі першасную легалізацыю ва Украіне, бо іх сітуацыя патрабуе асобнага абмеркавання і, верагодна, адмысловай працэдуры высвятлення асобы і дакументавання, а не толькі дадатковага выключэння ў дачыненні да пратэрмінаваных пашпартоў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падзяліцца: