Мінск 14:31

Кіеў заклікаў Мінск устрымацца ад “беспадстаўных абвінавачанняў” на фоне заявы пра наўмысны ўдар па беларускім грузавіку ў РФ

Архіўнае фота на старонцы МЗС Украіны ў "Фэйсбуку"

10 кастрычніка, Позірк. Пратэст у сувязі з заявай Мінска пра інцыдэнт з грузавым аўтамабілем у Бранскай вобласці Расіі выказала Міністэрства замежных спраў Украіны.

“Лічым беспадстаўным ускладанне адказнасці на Украіну без апублікавання пераканаўчых доказаў яе датычнасці, — гаворыцца ў каментарыі знешнепалітычнага ведамства ў сувязі з выклікам часовага паверанага ў справах Украіны ў МЗС Беларусі. — Звяртаем увагу на тое, што публічныя абвінавачанні Украіны з боку Мінска суправаджаюцца рыторыкай пра нібыта наўмыснае ўцягванне Беларусі ў канфлікт і пагрозамі “адэкватных мер у адказ”.

Кіеў адрынуў “падобныя абсурдныя абвінавачанні” ад краіны, якая “ёсць саўдзельніцай злачынства агрэсіі супраць Украіны і шырока садзейнічае Расіі ў злачыннай захопніцкай вайне супраць” украінскай дзяржавы.

“Асуджаем спробы перакласці адказнасць за наступствы расійскай агрэсіі, сфармаваць вобраз Украіны як крыніцы пагроз для Беларусі і свядома нагнятаць напружанасць у рэгіёне, — адзначана ў заяве. — Заклікаем беларускі бок устрымлівацца ад беспадстаўных абвінавачанняў, пагроз і інфармацыйных маніпуляцый. Лічым непрымальнымі спробы выкарыстоўваць гэты інцыдэнт для апраўдання далейшай падтрымкі Мінскам расійскай агрэсіі або стварэння дадатковых пагроз для Украіны”.

9 кастрычніка МЗС Беларусі паведаміла пра выклік украінскага дыпламата Івана Навіцкага ў сувязі з “атакай украінскага беспілотнага лятучага апарата на грузавы аўтамабіль з беларускай рэгістрацыяй у Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі”.

Як сказаў прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Руслан Варанкоў, Навіцкаму “ўручаная нота пратэсту, у якой адзначана, што Кіеў ужо раней папярэджваўся пра недапушчальнасць падобных дзеянняў”. “Прыналежнасць аўтамабіля была відавочнай, і беларускі бок мае падставы разглядаць атаку як наўмысную”, — адзначыў ён.

Украінскі бок, як падкрэсліў прадстаўнік МЗС, “засцярожаны ад паўтарэння падобных дзеянняў”, адказнасць за іх наступствы “цалкам кладзецца на ўлады Украіны”. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Мінск “пакідае за сабой права на адэкватныя меры рэагавання”.

Беларускі бок таксама “заклікаў спыніць правакацыі, якія вядуць да эскалацыі”.

Раней МЗС Беларусі заявіла, што 8 кастрычніка ў Бранскай вобласці Расіі ў выніку атакі БПЛА на грузавы аўтамабіль з беларускай рэгістрацыяй была цяжка параненая беларуска, ёй спатрэбілася хірургічнае ўмяшанне, “якое ўключала ампутацыю канечнасцей”.

17 чэрвеня аўтобус з выхаванцамі рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 (Гомельская вобласць) трапіў пад удар БПЛА ў Бранскай вобласці РФ. У транспартным сродку, які ехаў з Рэчыцы ў Геленджык, знаходзіліся 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння.

Пацярпела восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей, у выніку здарэння загінула жонка трэнера з Рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў аўтобус з беларускімі дзецьмі трапіў менавіта ўкраінскі дрон.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, каментуючы 19 чэрвеня гэтую сітуацыю, адзначыў: “Усе ўжо прызналі, і міжнародныя эксперты, і мне здаецца, што таксама і рускія прызнаюць або, скажам так, не адкрыта, што гэты ўдар быў не наш. Як гэта звязваць? Вельмі проста: рускія будуць чыніць шмат розных правакацый для таго, каб уцягнуць народ Беларусі ў гэтую вайну”.

Напрыканцы верасня неафіцыйна паведамлялася, што два беларускія вялікагрузныя аўтамабілі трапілі пад удары беспілотнікаў непадалёк ад пункта пропуску Красны Камень (з беларускага боку ў Гомельскай вобласці — Селішча).

Акрамя таго, беларускія і расійскія крыніцы заяўлялі пра ўдар беспілотніка 2 ліпеня ў пункце Красны Камень, у выніку якога пацярпеў аўтобус, што рухаўся па маршруце Мінск — Анапа. Паведамлялася, што ў аўтобусе было 19 пасажыраў. Два кіроўцы і адзін пасажыр атрымалі лёгкія раненні.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: