Мінск 15:29

Ціханоўская пра мірныя перамовы па Украіне: Нельга дапусціць ялцінскага сцэнарыю, калі лёсы краін і нацый вырашаюцца без іх удзелу

Архіўнае фота: "Позірк"

12 лістапада, Позірк. Расія “разумее прынцыповую і моцную пазіцыю Еўрасаюза” і ёй “не патрэбны дадатковы голас” на карысць Кіева, таму Маскве было б значна зручней, калі б Еўропы не было на мірных перамовах па Украіне, такое меркаванне выказала журналістам беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 12 лістапада перад самітам Еўрапейскай палітычнай супольнасці (ЕПС) у Дубліне (Ірландыя).

“Не [прэзідэнту РФ Уладзіміру] Пуціну вырашаць, хто будзе за сталом перамоваў, таму што мы больш не павінны дапусціць ялцінскага сцэнарыя, калі лёсы краін і нацый вырашаюцца без іх удзелу”, — падкрэсліла яна.

Палітык заклікала падтрымліваць Украіну, адзначыўшы адвагу ўкраінскага народа, які заслугоўвае павагі і дапамогі “з боку ўсіх свабодных, моцных нацый”. Яна падзякавала прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму за тое, што ён “трымае пытанне Беларусі на парадку дня”: “Ён быў тым чалавекам, які сказаў, што ўсходняя мяжа Еўропы мае праходзіць па ўсходняй мяжы Беларусі”.

Ціханоўская адзначыла значнае паляпшэнне стасункаў паміж беларускімі дэмсіламі і Украінай, нагадаўшы пра свой вясновы візіт у Кіеў. “З тае пары ў нас праходзяць пастаянныя кансультацыі з адміністрацыяй Зяленскага, а таксама з міністрам замежных спраў, таму я шчыра веру, што лёсы Беларусі і Украіны пераплеценыя”, — сказала яна.

Паводле яе слоў, беларусы імкнуцца дапамагаць украінцам настолькі, наколькі могуць, не маючы вялікіх рэсурсаў.

Кажучы пра будучы выступ на форуме, палітык адзначыла, што прыехала на гэты форум з некалькімі пасланнямі. Першае — пра Украіну і мір: “Беларусь мае быць пытаннем на перамовах пра мір у рэгіёне, бо без свабоднай і дэмакратычнай Беларусі не будзе бяспекі ні для Украіны, ані для еўрапейскіх краін”.

“Вось чаму мы павінны патрабаваць вываду расійскіх войскаў не толькі з Украіны, але таксама з Беларусі. І Беларусь — выдатны прыклад таго, як дэмакратыя і бяспека пераплеценыя”, — адзначыла Ціханоўская, кажучы пра другую тэму, якую мае намер узняць.

“Маё трэцяе пасланне — пра палітычных вязняў у Беларусі. Вядома, мы ўдзячныя за дыпламатычныя намаганні ЗША па вызваленні палітычных вязняў, але рэпрэсіі працягваюцца, у нас больш за дзевяцьсот чалавек усё яшчэ за кратамі”, — дадала яна.

Ціханоўская выказала падзяку Еўрасаюзу “за моцную прынцыповую палітыку ў дачыненні да рэжыму”. Паводле яе слоў, ЕС “працягвае чыніць <…> эканамічны, палітычны ціск”, адначасова падтрымліваючы Беларусь і беларускі народ у яго барацьбе за дэмакратыю.

“Адзінства Еўропы мае вырашальнае значэнне ў гэтыя цяжкія і неспакойныя часы, і я спадзяюся, што лідары сёння абмяркуюць, як захаваць гэтае адзінства і як не паддавацца ўплыву расійскай прапаганды. І, вядома, Беларусь з’яўляецца часткай еўрапейскай нацыі, гэтак жа як і Украіна, і еўрапейскі праект не будзе завершаны без таго, каб нашы краіны былі часткай Еўрапейскага саюза”, — падкрэсліла палітык.

Еўрапейская палітычная супольнасць (EPC) — міжурадавы форум для палітычных і стратэгічных дыскусій пра будучыню Еўропы, створаны ў 2022 годзе з ініцыятывы прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. На 9-ы саміт у Дубліне запрошаныя лідары 48 дзяржаў, а таксама кіраўнікі міжнародных арганізацый і спецыяльныя госці.

Падзяліцца: