Мінск 16:05

ЕС, Савет Еўропы і вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заклікалі паўсюдна скасаваць смяротнае пакаранне

Ілюстрацыйнае фота: Tim Hüfner / unsplash.com

10 кастрычніка, Позірк. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый “выступае супраць смяротнага пакарання пры любых абставінах”, заявіў вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Фолькер Цюрк у Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання (10 кастрычніка).

Паводле яго слоў, “нядаўнія падзеі з усёй відавочнасцю прадэманстравалі прычыны такой пазіцыі: смяротнае пакаранне несумяшчальнае з правам на жыццё і можа быць звязанае з катаваннямі і жорсткім, бесчалавечным або прыніжальным для годнасці абыходжаннем”. “Я заклікаю ўсе краіны неадкладна спыніць прывядзенне смяротных прысудаў у выкананне”, — напісаў прадстаўнік ААН на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Пад “нядаўнімі падзеямі” Цюрк, верагодна, меў на ўвазе няўдалае пакаранне смерцю 50-гадовай Крысты Пайк у ЗША і намер амерыканскага Міністэрства абароны правесці жывую трансляцыю пакарання смерцю 56-гадовага былога вайскоўца Нідала Маліка Хасана.

Напрыканцы верасня 2026 года Пайк, асуджанай за жорсткае забойства аднакурсніцы ў 1995-м, зрабілі дзве смяротныя ін’екцыі, але яна выжыла, атрымаўшы найцяжэйшую шкоду здароўю. Адвакаты назвалі гэта “хімічным катаваннем” і запатрабавалі замяніць ёй пакаранне на пажыццёвае зняволенне. Губернатар штата Тэнэсі забараніў да канца года выконваць смяротныя выракі і даручыў расследаваць сітуацыю з Пайк.

7 кастрычніка міністр абароны ЗША Піт Хегсэт заявіў па тэлебачанні, што Пентагон “паклапоціцца”, каб пакаранне смерцю былога вайсковага псіхіятра Хасана, які застрэліў у 2009 годзе 13 чалавек на вайсковай базе Форт-Худ у штаце Тэхас, “было публічным”. На наступны дзень амерыканскае ваеннае ведамства афіцыйна абвясціла, што расстрэл Хасана будзе транслявацца ў жывым эфіры праз інтэрнэт (пакаранне смерцю прызначанае на 3 снежня).

Напярэдадні Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання вярхоўная прадстаўніца Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас і генеральны сакратар Савета Еўропы Ален Берсэ выступілі з сумеснай заявай, у якой падкрэслілі, што ЕС і СЕ “адназначна выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках і пры любых абставінах”.

Адзначыўшы сусветны прагрэс на шляху да забароны гэтага віду пакарання (скасаванне смяротнага пакарання ў Ліване; скарачэнне колькасці падстаў для вынясення смяротнага выраку ў Гамбіі і В’етнаме; ратыфікацыя абаліцыянісцкага другога факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у Сьера-Леонэ і крокі да яго ратыфікацыі ў Камбоджы, ЦАР і Чадзе), яны ў той жа час канстатавалі рост колькасці пакаранняў смерцю ў краінах, якія яго практыкуюць.

“Вядома, што ў 2025 годзе смяротныя выракі прыводзіліся ў выкананне толькі ў 17 краінах, аднак рэзкі рост колькасці пакаранняў смерцю выклікае трывогу, — заявілі Калас і Берсэ. — Колькасць зарэгістраваных пакаранняў смерцю павялічылася на 78% у параўнанні з 2024 годам. Большасць з іх адбылася ў Іране, аднак значны рост колькасці пакаранняў смерцю таксама адзначаўся ў Егіпце, Кувейце, Саудаўскай Аравіі, Сінгапуры і Емене. Пакаранні смерцю працягваліся і ў Злучаных Штатах. Пакаранні смерцю, якія праводзяцца ў Кітаі, не адлюстраваныя ў сусветнай статыстыцы праз дзяржаўную сакрэтнасць, хоць, паводле ацэнак, летась у гэтай краіне былі прыведзеныя ў выкананне тысячы смяротных выракаў”.

Аўтары заявы таксама нагадалі, што “Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, якая выкарыстоўвае смяротнае пакаранне”.

“Еўрапейскі саюз і Савет Еўропы заклікаюць усе дзяржавы, якія захоўваюць смяротнае пакаранне, неадкладна ўвесці мараторый на выкананне смяротных выракаў у якасці першага кроку да яго скасавання, — гаворыцца ў дакуменце. — Увядзенне мараторыя мае суправаджацца заменай ужо вынесеных смяротных выракаў іншымі відамі пакарання і забеспячэннем поўнага датрымання міжнароднага права і стандартаў у галіне правоў чалавека аж да канчатковага скасавання смяротнага пакарання”.

ЕС і СЕ застаюцца “непахіснымі ў сваім супрацьдзеянні любым спробам аднавіць або пашырыць выкарыстанне смяротнага пакарання, у тым ліку ў Еўропе”. Міждзяржаўнае аб’яднанне і міжнародная арганізацыя абавязаліся разам з “партнёрамі, грамадзянскай супольнасцю і прадстаўнікамі юрыдычнай супольнасці” надалей “садзейнічаць дэмакратычнаму абмеркаванню, заснаванаму на правах чалавека і вяршэнстве права, каб дамагчыся ўсеагульнага скасавання смяротнага пакарання”.

“Смяротнае пакаранне, уключаючы працэдуру, якая папярэднічае яго выкананню, прадстаўляе сабою бесчалавечнае і прыніжальнае для годнасці абыходжанне. Мы заклікаем усе дзяржавы прытрымлівацца прынцыпаў аднаўленчага правасуддзя і далучыцца да глабальнага руху за адмову ад смяротнага пакарання, які робіцца ўсё большым”, — падкрэслілі Калас і Берсэ.

У дэмакратычнай Беларусі не мае быць практыкі смяротнага пакарання — Марозаў

10 кастрычніка, Позірк. "Самае страшнае ў смяротным пакаранні — пасля яго выканання чалавек больш не мае шанцу даказаць сваю невінаватасць", — заявіў дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў 10 кастрычніка, у Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання. "Памылку суда …

Жыхар Слуцка Таратута пакараны смерцю два гады таму за забойства трохгадовага сына — праваабаронца Палуда

7 кастрычніка, Позірк. Жыхар Слуцка (Мінская вобласць) Аляксандр Таратута пакараны смерцю 9 кастрычніка 2024 года, паведаміў падчас слуханняў у Каардынацыйнай радзе каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда. Слуханні прайшлі ў анлайн-фармаце 6 кастрычніка, яны былі прысвечаныя …
Падзяліцца: