Мінск 22:22

Праз 14 месяцаў пасля прызначэння амбасадарам у Судане па сумяшчальніцтве Сабалеўскі ўручыў копіі даверчых грамат кіраўніку МЗС гэтай краіны

Фота: прэс-служба МЗС Беларусі

10 кастрычніка, Позірк. Беларускі дыпламат Яўген Сабалеўскі 10 кастрычніка ў якасці амбасадара ў Судане па сумяшчальніцтве ўручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў і міжнароднай супрацы гэтай краіны Мухідзіну Салему Ахмеду.

Паводле інфармацыі МЗС Беларусі, на сустрэчы яны “далі станоўчую ацэнку актывізацыі беларуска-суданскага ўзаемадзеяння, адзначыўшы ўстойлівую дынаміку кантактаў па лініі профільных ведамстваў”.

Бакі “абмеркавалі перспектывы пашырэння гандлёва-эканамічных сувязяў”, а таксама “намецілі крокі па інтэнсіфікацыі супрацы паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзвюх краін, пацвердзілі гатоўнасць і надалей аказваць узаемную падтрымку на міжнародных пляцоўках”.

Адметна, што Сабалеўскі быў прызначаны амбасадарам у Судане па сумяшчальніцтве 14 жніўня 2025 года — крыху менш за 14 месяцаў таму. З чым звязаная такая затрымка паміж прызначэннем і фактычным пачаткам выканання абавязкаў, міністэрства не ўдакладняе. Варта адзначыць, што з сярэдзіны вясны 2023 года ў Судане ідзе грамадзянская вайна.

Асноўная пасада Сабалеўскага — амбасадар Беларусі ў Егіпце, ён быў прызначаны на яе 30 чэрвеня 2025 года. У той жа дзень ён стаў па сумяшчальніцтве амбасадарам у Алжыры і Амане, а таксама пастаянным прадстаўніком краіны пры Лізе арабскіх дзяржаў. З 11 чэрвеня 2026 года дыпламат з’яўляецца па сумяшчальніцтве амбасадарам у Лівіі.

Амбасадар Судана Амэр Эламін Абдала Фадлала ўручыў копіі даверчых грамат кіраўніку МЗС Беларусі Максіму Рыжанкову 10 красавіка 2025 года, арыгіналы Аляксандру Лукашэнку — пяццю месяцамі пазней, 11 верасня. Прымаючы іх, палітык назваў Судан “адным з даўніх і правераных партнёраў Беларусі” ў Афрыцы: “Наша прадукцыя, асабліва сельскагаспадарчая тэхніка, шырока вядомая ў вашай краіне”.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Суданам усталяваныя 15 ліпеня 1999 года (суданская амбасада ў Мінску адкрылася 10 снежня 2018-га).

Актуальнай інфармацыі пра ўзаемны гандаль у адкрытым доступе няма. Паводле даных Еўразійскай эканамічнай камісіі, у 2020 годзе беларуска-суданскі тавараабарот складаў 9,52 млн долараў, у 2021-м — 4,37 млн.

Падзяліцца: