Мінск 19:39

За тры гады колькасць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту зменшылася ў Беларусі на 46 тыс. — даныя Белстата

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 11 кастрычніка ў 18:21.

Ілюстрацыйнае фота: uniticket.ru

11 кастрычніка, Позірк. У Беларусі на 1 студзеня 2026 года пражывала 4.045.100 жанчын ва ўзросце 18 гадоў і старэй, гаворыцца ў аглядзе Нацыянальнага статыстычнага камітэта да Тыдня бацькоўскай любові (14–21 кастрычніка).

У пачатку 2025 года — 4.047.000, 2024-га — 4.051.900, 2023-га — 4.059.900. Такім чынам, за тры гады іх колькасць зменшылася на 14.800 (-0,4%).

Параўнаць гэты паказчык з 2022 годам не ўяўляецца магчымым, паколькі ў аглядзе Белстата за той год фігуравала агульная колькасць жанчын, якія пражываюць у краіне, а не толькі паўналетніх (4.977.000).

Цяпер жанчыны складаюць 55,1% усіх жыхароў Беларусі ва ўзросце 18 гадоў і старэй (у 2025-м — 55,1%, 2024-м — 55%, 2023-м — 55,1%, 2022-м — 53,8%).

Адзначаецца памяншэнне колькасці жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту (15–49 гадоў) — за тры гады на 45.900 (2,2%). У паведамленні ў 2026 годзе Белстат прыводзіць іх колькасць — 2.088.900. У аналагічных аглядах, апублікаваных у 2025, 2024 і 2023 гадах, указвалася колькасць на пачатак гэтых гадоў адпаведна — 2.103.700, 2.118.900 і 2.134.800.

У Беларусі ў 2025 годзе нарадзілася 54.257 дзяцей — у 1,9 раза менш, чым у 1995-м (101.144), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Раней паведамлялася, што колькасць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2026 года склала 9 млн 56 тыс. 80 чалавек — на 1 млн 154 тыс. 323 менш, чым на аналагічную дату 1995 года (10 млн 210 тыс. 403; -11,3%).

Даныя Белстата могуць не ўлічваць масавую эміграцыю людзей з Беларусі па палітычных і эканамічных матывах, якая працягваецца з 2020 года.

Падзяліцца: