Мінск 19:43

Ціханоўская наведвае Чэхію

Ілюстрацыйнае фота: Anthony Delanoix / unsplash.com

11 кастрычніка, Позірк. Прэс-служба дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай паведаміла пра яе візіт у Чэхію 11 кастрычніка.

У Празе палітык возьме ўдзел у адкрыцці міжнароднага форуму Forum 2000.

Таксама анансаваны ўдзел у закрытай сустрэчы “Дэмакратычныя ўрады ў выгнанні або ў спрэчным становішчы: абмен досведам і ўмацаванне супрацоўніцтва”. Чакаецца, што, акрамя Ціханоўскай, у мерапрыемстве будуць удзельнічаць дэмакратычныя сілы Венесуэлы, Нікарагуа, Тыбету, М’янмы і Турцыі. “Удзельнікі абмяркуюць сумесныя выклікі і магчымасці для супрацоўніцтва”, — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, у Празе Ціханоўская плануе сустрэцца са спікерам Сената Чэхіі Мілашам Выстрчылам, а таксама з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

Forum 2000 — штогадовая міжнародная канферэнцыя, заснаваная ў 1996 годзе прэзідэнтам Чэхіі Вацлавам Гавелам, японскім філантропам Ёхеем Сасакавай і лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Элі Візелем. Форум праводзіцца з мэтай падтрымкі дэмакратыі, правоў чалавека і грамадзянскай супольнасці ў недэмакратычных краінах, выступае за рэлігійную, культурную і этнічную талерантнасць.

Папярэдні раз Ціханоўская наведвала Прагу сёлета 10–11 чэрвеня. Падчас візіту яна сустракалася з прэзідэнтам Чэхіі Пятром Павелам, спікерам Сената Выстрчылам, мэрам Прагі Багуславам Свабодай, выступіла перад членамі Камітэта па замежных справах, абароне і бяспекі Сената — верхняй палаты парламента Чэшскай Рэспублікі.

Гл. таксама:

Сваякі беларусаў, якія легальна жывуць у Чэхіі, змогуць падавацца на кароткатэрміновыя візы — прэс-служба Ціханоўскай

Падзяліцца: