Мінск 13:17

Колькасць прапанаваных пакістанцам вакансій у Беларусі за два месяцы павялічылася больш як у шэсць разоў

Ілюстрацыйнае фота: multifacetedgirl / pixabay.com

5 траўня, Позірк. На сайце пакістанскага ўрадавага Бюро эміграцыі і працаўладкавання за мяжой зараз фігуруе 332 прапановы аб працы ў Беларусі. Згодна з праведзеным “Позіркам” маніторынгам даных гэтай службы, на пачатку сакавіка такіх вакансій было 54, то бок за два месяцы іх колькасць павялічылася ў 6,1 раза.

Некаторыя вакансіі дададзеныя заднім чыслом. Цяпер на сайце пазначана, што з 24 лютага вядзецца пошук 40 трактарыстаў (заробак — 800–1000 долараў) і 30 работнікаў малочных ферм (600–800 долараў) для працаўладкавання ў Шклоўскім раёне (Магілёўская вобласць). Аднак 4 сакавіка гэтых вакансій у спісе не было.

Акрамя таго, на сайт вярнулі леташнія абвесткі, што былі выдаленыя пасля чатырох месяцаў пошуку ахвочых папрацаваць на беларускіх будоўлях. Гэта прапановы ад 3 верасня (55 вакансій па розных спецыяльнасцях з заробкам 1.800 рублёў) і 29 кастрычніка (90 вакансій з заробкам 600 долараў; нібыта знойдзена 8 з 10 электрыкаў).

З 17 лютага вядзецца пошук людзей ва ўзросце 18–40 гадоў на 24 вакансіі дарожных рабочых, якія будуць працаваць у Мінску. Прапануецца заробак у памеры 600–700 долараў.

З 27 лютага кампанія Shahbaz Anwar International, якая знаходзіцца ў пакістанскім горадзе Равалпіндзі, шукае 28 ахвочых папрацаваць у Беларусі на швейнай вытворчасці (заробак — ад 1.500 да 3.000 рублёў).

Та ж кампанія з 24 красавіка вядзе пошук яшчэ 31 работніка швейнай вытворчасці (заробак — 500–1000 долараў), а таксама асобна 20 аплаўляльнікаў тканіны, 10 упакоўшчыкаў, 10 грузчыкаў (узровень аплаты працы такі ж) і двух камплектоўшчыкаў (300–500 долараў).

11 красавіка 2025 года Аляксандр Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Мінску з кіраўніком урада Пакістана Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць механізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць 100–150 тыс. адмыслоўцаў.

Гэтыя планы выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве, якая, у сваю чаргу, выклікала раздражненне ў беларускіх уладаў.

“Зацікаўленыя” хочуць “узрушыць беларускае грамадства” праблемай мігрантаў, у прыватнасці тэмай прыезду ў Беларусь работнікаў з Пакістана, заявіў Лукашэнка летась 25 красавіка на нарадзе аб развіцці раёнаў Гомельскай вобласці, пацярпелых у выніку выбуху на Чарнобыльскай АЭС.

Міністэрства ўнутраных спраў прыкладна тады ж паведаміла пра выяўленне “актыўных правакаратараў, якія наўмысна спрабавалі нагнятаць абстаноўку ў краіне і маніпуляваць грамадскай думкай”, распаўсюджваючы інфармацыю пра ўезд у Беларусь 150 тыс. грамадзян Пакістана.

14 жніўня 2025 года Лукашэнка ў віншаванні прэм’ер-міністру Пакістана з Днём незалежнасці нагадаў яму пра “накіраванне пакістанскіх кваліфікаваных спецыялістаў для працы ў Беларусь”.

5 лістапада стала вядома, што Палата прадстаўнікоў у двух чытаннях ратыфікавала падпісанае 11 красавіка 2025 года ў Мінску беларуска-пакістанскае пагадненне аб рэадмісіі. Яно прадугледжвае абавязак Беларусі і Пакістана на запыт другога боку прымаць сваіх грамадзян, якія “ўехалі або знаходзяцца на тэрыторыі дзяржавы, што запытвае, з парушэннем заканадаўства гэтай дзяржавы па пытаннях уезду, выезду і знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства”.

14 лістапада паведамлялася, што польскі амбасадар у Пакістане Мацей Пісарскі выказаў занепакоенасць наконт трафікінгу (гандаль людзьмі, уключаючы вярбоўку, перавозку, утойванне) з Беларусі ў еўрапейскія краіны, у тым ліку ў Польшчу.

Падзяліцца: