Мінск 22:42

Кіраўнік МЗС Украіны: Палітыка ў дачыненні да Беларусі становіцца сістэмнай

Андрэй Сібіга і Святлана Ціханоўская
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

29 траўня, Позірк. Пра назіранне “асіметрыі“ ў стасунках Украіны і Беларусі заявіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга, выступаючы 29 траўня ў Вярхоўнай Радзе Украіны падчас “Гадзіны пытанняў да ўрада”.

У прыватнасці, як адзначыў міністр на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку“, “асіметрычным крокам“ Украіны ў дачыненні да Беларусі ён лічыць той факт, што, “калі Лукашэнка выступіў з даволі дзіўнай прапановай кантактаў на ўзроўні лідараў“, у Кіеў была запрошаная Святлана Ціханоўская.

“Нам ёсць з кім гаварыць. Палітыка ў дачыненні да Беларусі становіцца сістэмнай. Прызначаны амбасадар МЗС па асаблівых даручэннях”, — адзначыў таксама міністр.

У тым жа выступе Сібіга патлумачыў, што праявамі “асіметрычнай дыпламатыі“ ён лічыць “ператварэнне крызісаў у магчымасці“. “Падрываем пазіцый Расіі там, дзе яна раней дамінавала. Умацаванне ролі Украіны як партнёра ў бяспецы”, — заявіў Сібіга.

22 траўня Сібіга назваў “вельмі дзіўнай” прапанову Аляксандра Лукашэнкі сустрэцца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім, якая прагучала днём раней.

Згодна з інфармацыяй “Еўрапейскай праўды“, такім чынам ён “пракаментаваў нядаўнія заявы беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, якога, паводле слоў міністра, Украіна працягвае лічыць саўдзельнікам злачынства супраць Украіны і патрабаваць яго пакарання”.

Кіраўнік МЗС даў зразумець, што Кіеў не мае такой зацікаўленасці. “У бліжэйшы час мы чакаем ва Украіне Ціханоўскую, таму нам ёсць з кім гаварыць па ўсіх пытаннях адносна Беларусі“, — сказаў Сібіга.

Каментуючы планы Украіны на беларускім трэку, ён падкрэсліў, што лічыць роднаснымі гістарычныя мэты Украіны і Беларусі. “Мы павінны дапамагчы Беларусі стаць еўрапейскай калегай, таму што Беларусь — гэта таксама Еўропа“, — патлумачыў міністр.

21 траўня Лукашэнка чарговы раз заявіў пра сваю падрыхтоўку да вайны.

“Мы рыхтуемся да вайны. Не будзе гэтай вайны — ну і дзякуй богу, што яе не будзе. Мы не хочам гэтай вайны. Але мы памятаем урокі 1939-1941 гадоў. Вы памятаеце, што аж да Масквы фашысты дайшлі. <…> Таму на ўсялякі выпадак мы рыхтуемся напоўніцу. А ўжо будзе вайна ці не — гэта не ад нас залежыць“, — сказаў ён дзяржСМІ, наведваючы ракетную брыгаду УС у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці, дзе прайшлі манеўры ў рамках “сумеснай з Расіяй трэніроўкі ядзерных сіл“.

“Калі і будзем мы ўцягнутыя ў вайну, у тым ліку калі гэта будзе супраць Украіны, толькі ў адным выпадку — калі яны зробяць супраць нас агрэсію. Мы ўцягвацца ў вайну ва Украіне не збіраемся. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Ні грамадзянскай, ні ваеннай“, — дадаў Лукашэнка, прапанаваўшы Зяленскаму сустрэцца.

15 траўня стала вядома, што адказным за сувязі з беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў МЗС Украіны прызначаны гісторык, дырэктар праграмы расійскіх і беларускіх даследаванняў рады замежнай палітыкі “Украінская прызма“ Яраслаў Чарнагор.

Святлана Ціханоўская наведвала Украіну 25-26 траўня.

Падзяліцца: