Мінск 15:13

Аддзяленне амбасады Беларусі адкрыюць у гістарычным цэнтры расійскага Омска

Омск
Ілюстрацыйнае фота: Слава Сцяпанаў / gelio.livejournal.com

23 лістапада, Позірк. Аддзяленне амбасады Беларусі ў Омску размесціцца ў памяшканні ў гістарычным цэнтры горада, паведаміў губернатар Омскай вобласці Расіі Віталь Хацэнка ў сваім тэлеграм-канале па выніках сустрэч з беларускімі ўладамі 23 лістапада ў Мінску.

“Упэўнены, што адкрыццё ў Омску ў найбліжэйшай будучыні аддзялення амбасады выведзе наша партнёрства на новы ўзровень”, — адзначыў кіраўнік расійскага рэгіёна.

Чыноўнік сярод іншага паведаміў, што па выніках 2025 года тавараабарот паміж Омскай вобласцю РФ і Беларуссю перавысіў 100 млн долараў.

“Гэта шмат у чым стала магчымым дзякуючы плану мерапрыемстваў па развіцці супрацы, які дзейнічаў з 2024 да 2026 года. Сумесна з беларускімі калегамі падрыхтавалі новы дакумент на наступныя тры гады”, — падкрэсліў губернатар.

Прыводзячы прыклады кааперацыі, расійскі абласны кіраўнік згадаў пра тое, што ў свабоднай эканамічнай зоне “Магілёў” завершаны “буйны інвестпраект па вытворчасці тэхнічнага вугляроду”, а омская група кампаній “Тытан” супрацоўнічае з прадпрыемствамі канцэрна “Белнафтахім”.

“Нашы прадпрыемствы гатовыя да паглыблення прамысловай кааперацыі, — заявіў Хацэнка. — У сельскай гаспадарцы наша супраца ўжо дае вынікі. Важны кірунак супрацы — аўтаматызацыя працэсаў у жывёлагадоўлі. Таксама развіваем супрацу ў галіне крэатыўных індустрый і плануем умацоўваць партнёрства ў спорце”.

На сёння аддзяленні беларускай дыпламатычнай місіі ў Расіі працуюць у Екацярынбургу, Казані, Калінінградзе, Краснаярску, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Растове-на-Доне, Санкт-Пецярбургу, Смаленску, Уфе і Уладзівастоку.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дамову аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які займаў на той момант пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна паставіў далейшую падтрымку Мінска з боку Масквы ў залежнасць ад таго, наколькі шчыльна яны будуць збліжацца.

Падзяліцца: