Мінск 13:07

Беларускія пагранічнікі знайшлі ў пасажыра аўтобуса з Варшавы ў Мінск гашыш — распачатыя дзве крымінальныя справы

Відэа: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта / стоп-кадр: "Позірк"

23 лістапада, Позірк. У 51-гадовага грамадзяніна Беларусі пры вяртанні на радзіму з Польшчы быў знойдзены гашыш, паведаміла 23 лістапада прэс-служба Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, гэта здарылася ў ноч на 17 лістапада ў пункце пропуску Брэст (з польскага боку — Цярэспаль) падчас праверкі пасажыраў аўтобуса, што ехаў з Варшавы ў Мінск.

На мужчыну зрэагаваў службовы сабака. Пагранічнік некалькі разоў пытаўся ў пасажыра, ці перавозіць той забароненыя прадметы або рэчывы, аднак кожны раз атрымліваў адмоўны адказ.

Паведамляецца, што падчас надгляду ў паясной сумцы беларуса была знойдзеная бляшчаначка з кавалачкам спрасаванага рэчыва цёмна-карычневага колеру. Экспертыза вызначыла, што гэта гашыш.

Мяркуючы па відэазапісе, апублікаваным Дзяржпагранкамітэтам, наркотык быў схаваны ў скрыначцы ад в’етнамскага бальзаму “Залатая зорка”, вядомага сваім інтэнсіўным водарам.

Мужчыну затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання Брэсцкай пагранічнай групы. У дачыненні да яго распачатыя крымінальныя справы — паводле ч. 1 арт. 328¹ КК (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу наркатычных сродкаў) і ч. 1 арт. 328 (незаконны абарот наркатычных сродкаў без мэты збыту).

Згодна са звесткамі Дзяржпагранкамітэта, раней затрыманы ўжо быў асуджаны за аналагічнае злачынства.

Маса вынятага наркотыку не ўдакладняецца.

Падзяліцца: