Мінск 11:45

За тыдзень беларускім бязвізам скарысталася больш за 4,8 тыс. жыхароў краін Еўропы

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

23 лістапада, Позірк. З 16 да 23 лістапада ў Беларусь у бязвізавым парадку ўехала 4.817 жыхароў еўрапейскіх дзяржаў (тыднем раней — 4.918), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За мінулы тыдзень у краіну прыбыло 2.329 грамадзян Літвы (2.270), 1.058 грамадзян і неграмадзян Латвіі (1.107), 931 грамадзянін Польшчы (982), 499 грамадзян іншых еўрапейскіх дзяржаў са спіса пашыранага бязвізу (559).

Ад сярэдзіны вясны 2022 года Беларусь у бязвізавым парадку наведала 1.484.492 жыхары еўрапейскіх краін. З Латвіі прыбыло 467.330 замежнікаў, з Літвы — 748.083, а з Польшчы — 169.904. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў ад сярэдзіны лета 2024 года ў Беларусь уехала 99.175 чалавек.

Для жыхароў Літвы і Латвіі бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года, Польшчы — з 1 ліпеня таго ж года, яшчэ 35 краін Еўропы — з 19 ліпеня 2024-га.

9 снежня 2025 года Аляксандр Лукашэнка падоўжыў бязвізавы ўезд для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2026 года ўключна.

Пашыраны бязвізавы рэжым датычыцца жыхароў Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембурга, Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Большасць гэтых краін улады лічаць “недружалюбнымі” за тое, што яны ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Падзяліцца: