Мінск 18:12

У БФСТ “Дынама” пачалі навучаць настаўнікаў кіраванню БПЛА — гэтыя навыкі яны будуць перадаваць школьнікам

Дзмітрый Балаба
Фота: СТБ

22 лістапада, Позірк. 12 настаўнікаў дапрызыўнай падрыхтоўкі прайшлі ў Беларускім фізкультурна-спартыўным таварыстве “Дынама” інтэнсіўны курс па кіраванні беспілотнымі лятальнымі апаратамі, паведамляе дзяржканал СТБ.

Гэта першыя выпускнікі такіх курсаў, у будучыні яны “навучаць старшакласнікаў кіраваць беспілотнікамі”, адзначаецца ў паведамленні.

“Школьныя ўрокі дапрызыўнай падрыхтоўкі выходзяць на новы ўзровень — цяпер у вучэбнай праграме з’явяцца беспілотнікі”, — заяўляе СМІ.

Удакладняецца, што ў праграме навучання настаўнікаў — “будова дронаў, правілы бяспекі, праца на сімулятарах і, вядома, рэальныя палёты”. Галоўная задача — “не проста навучыць педагогаў падымаць апарат у паветра, а даць ім методыку, па якой яны змогуць перадаваць гэтыя навыкі школьнікам”.

“Тут маецца на ўвазе не толькі баявое прымяненне гэтых тэхналогій. Ёсць вельмі шмат грамадзянскіх опцый, якія сёння запатрабаваныя ў грамадстве. Гэта дастаўка любога роду грузаў, гэта аказанне дапамогі і гэтак далей. Вельмі шмат працы ў сельскай гаспадарцы”, — заявіў старшыня Цэнтральнага савета БФСТ “Дынама” Дзмітрый Балаба (былы камандзір мінскага АМАПу, датычны да разгонаў мірных пратэстаў у 2020 годзе).

У публікацыі гаворыцца, што атрыманыя педагогамі веды “дапамогуць зрабіць урокі дапрызыўнай падрыхтоўкі больш сучаснымі і практыка-арыентаванымі”. Чакаецца, што “ўжо ў бліжэйшы час першыя выпускнікі курса пачнуць заняткі са старшакласнікамі ў сваіх рэгіёнах”.

“Беспілотнікі ўжо перасталі быць нейкай экзотыкай. Укараненне іх ідзе паўсюдна і ўсюды”, — заявіў начальнік аддзела ўпраўлення прымянення і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў Узброеных сіл Дзяніс Дудкін у інтэрв’ю тэлеканалу “Беларусь 1” (выйшла ў эфір 3 жніўня 2025 года).

У Беларусі, паводле слоў Дудкіна, сістэма падрыхтоўкі аператараў БПЛА арганізавана “па вызначаным замкнёным цыкле: школа — Ваенная акадэмія альбо ваенны факультэт — ну і войскі”.

Гаворачы аб працы з БПЛА ў некаторых школах, начальнік аддзела УС адзначыў: “У дзяцей зараджаецца вось гэтая любоў да авіяцыі, у дадзеным выпадку беспілотнай <…>. Дзеці хутчэй хапаюць вось гэтыя навыкі. Яны праяўляюць пэўную крэатыўнасць і <…> сваё імкненне паказаць магчымасці выкарыстання. Гэта дае пэўны водгук для нас. Мы пачынаем разумець, як можна ўжыць той ці іншы сродак, то-бок нейкія тактычныя прыёмы. Няхай гэта трошкі выглядае дзіўна, але часам дзеці падказваюць нам, як можна ўжыць той ці іншы лятальны апарат”.

На пытанне, ці цікава дзецям займацца з беспілотнікамі, военачальнік адказаў: “Іх матывацыя пераўзыходзіць нашы чаканні”. “Маленькія дзіцячыя ручкі, трымаючы ў руках пульт, зліваюцца з гэтай тэхнікай і робяць цуды”, — сказаў ён.

Стварэнне спецыялізаваных класаў падрыхтоўкі аператараў БПЛА анансаваў папярэднік Дудкіна на пасадзе Міхаіл Бранскі ў снежні 2024 года.

З 15 студзеня 2025-га кафедра спецыяльнай падрыхтоўкі і баявога прымянення беспілотнай авіяцыі дзейнічае ў Ваеннай акадэміі.

Падзяліцца: