Мінск 14:18

Аналітык Тышкевіч заявіў пра спробу вярбоўкі КДБ шляхам шантажу лёсам яго жонкі Харламавай, напярэдадні асуджанай на 10 гадоў зняволення

21 лістапада, Позірк. Абставіны крымінальнага пераследу палітолага, публіцыста і медыяаналітыка Вольгі Харламавай, якая 20 лістапада была прыгавораная да 10 гадоў пазбаўлення волі ў рамках палітычна матываванай справы, выклаў яе муж палітычны аналітык Ігар Тышкевіч, які здаўна жыве ва Украіне.

“Так, мая жонка, Харламава Вольга ўчора атрымала прысуд — 10 год пазбаўленьня волі і досыць вялікі штаф. Ключавы артыкул — здрада дзяржаве”, — напісаў ён на сваёй станонцы ў “Фэйсбуку” (тут і далей захаваны арыгінальны стыль).

Паводле слоў Тышкевіча, супрацоўнікі КДБ затрымалі Харламаву — “з другой спробы” — прыкладна паўтара года таму, 26 чэрвеня 2025 года.

“Праз 2 гадзіны па затрыманьні яе “папрасілі” набраць мяне, — паведаміў ён. — Далей была амаль трохгадзінная спроба вярбоўкі і шантажу. Дзе шантажавалі “будущим вашей супруги и состоянием её мамы”. Тут варта адзначыць, што маці Вольгі цяжка хворая і гэта быў адзін з асноўных “якароў” які трымаў яе ў Беларусі”.

“КДБ цікавіла інфармацыя пра беларусаў што ваююць на баку Ўкраіны, але найбольш, мае кантакты ў украінскай палітыцы, дзяржорганах і структурах якія сёньня ёсьць часткай Сілаў Абароны Ўкраіны. І мой аналіз. Размова мною была запісаная і наступнай раніцы перададзеная на вывучэньне супрацоўнікам СБУ. І мая пазыцыя і пазыцыя Вольгі, якая (як прадчувала) напярэдадні ўзяла зь мяне слова што ў разе калі будзе “шантаж ёю” я на такі не паддамся”, — дадаў аналітык.

Крымінальныя артыкулы ў справе Харламавай, адзначыў ён, “актыўна мяняліся”, яе спрабавалі “псіхалагічна ламаць”.

“У выніку тры артыкулы абвінавачваньня, асноўны зь якіх “здрада дзяржаве”. Далей суд, які пачаўся ў жніўні і паседжаньні працягваліся да ўчора. І прысуд пра які ўжо інфармацыя пайшла. <…> На дадзеным этапе ёсьць прысуд. І будзе працяг гісторыі. <…> Большых падрабязнасьцяў чым былі ўкзаныя тут ня будзе. Калі будуць зьмены ў справе пра якія варта паведаміць — буду пісаць у тым жа стылі”, — падкрэсліў Тышкевіч.

Паводле яго слоў, не рабіць сітуацыю з Харламавай публічным было свядомым рашэннем яе блізкіх і сяброў. “У гэтым [таксама] была пэўная логіка, зьвязаная і з украінскім бокам. Пра якую я буду гатовы адказваць толькі пасьля таго як Вольга будзе на свабодзе і пасьля заканчэньня/замарозкі вайны”, — заявіў аналітык.

Пра вырак Харламавай 20 лістапада паведаміў заснавальнік ініцыятывы BELAID Андрэй Стрыжак. Паводле яго інфармацыі, жанчына не толькі прыгавораная да працяглага тэрміну зняволення, але і аштрафаваная на 1.500 базавых велічынь (67,5 тыс. рублёў).

25 сакавіка 2026 года беларускія праваабаронцы прызналі Харламаву палітзняволенай.

Падзяліцца: