Мінск 14:22

Праз пажар на Ігналінскай АЭС МНС будзе маніторыць радыяцыйнае становішча на мяжы з Літвой (дапоўнена)

20 лістапада, Позірк. Пра накіраванне ў прымежную зону ў Браслаўскім раёне (Віцебская вобласць) спецыялістаў для маніторынгу радыяцыйнай сітуацыі паведаміла 20 лістапада Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Меры прынятыя ў сувязі з пажарам на Ігналінскай атамнай электрастанцыі (Літва), якая знаходзіцца ў чатырох кіламетрах ад беларускай мяжы.

Узгаранне ў складскім памяшканні першага блока АЭС, якое здарылася раніцай 17 лістапада, было ліквідавана ў 11:51 у той жа дзень.

У МНС сцвярджаюць, што афіцыйных звестак ад літоўскага боку датычна інцыдэнту “не паступала”.

“Варта адзначыць, што літоўскі рэгулятар у галіне ядзернай бяспекі адказаў на запыт беларускага боку, пацвердзіўшы апублікаваную ў СМІ інфармацыю. Паводле адказу, пацярпелых у выніку інцыдэнту няма, пагроза радыяцыйнай бяспекі адсутнічае. Работы па вывадзе з эксплуатацыі на Ігналінскай АЭС былі часова прыпыненыя ў зоне выцяжной вентыляцыі, дзе адбылося ўзгаранне”, — гаворыцца ў паведамленні.

Раней, як паведамляў партал навінаў Delfi, Дэпартамент пажарнай бяспекі і выратавання пры МУС Літвы адзначаў, што ў памяшканні, дзе здарыўся пажар, “радыяцыйны фон не павялічыўся <…>, ніякай пагрозы для жыхароў і навакольнага асяроддзя няма”.

Дапаўненне.

Паводле слоў начальніка Цэнтра хімічнай і радыяцыйнай абароны атрада спецыяльнага прызначэння МНС “Зубр“ Васіля Шалепіна, у Браслаўскім раёне працавала спецыялізаваная мабільная лабараторыя.

“Выкананы ўсе неабходныя замеры, — цытуе спікера прэс-служба ведамства. — Перавышэнняў кантрольных узроўняў радыяцыйнага фону на тэрыторыі Беларусі не зарэгістравана”.

Ігналінская АЭС знаходзілася ў эксплуатацыі 26 гадоў — з 31 снежня 1983 года па 31 снежня 2009-га. Размешчана на возеры Дрысвяты (літоўская назва Друкшяй), якое падзяляе Літву і Беларусь.

Падзяліцца: