Пракуратура Гродзенскай вобласці паскардзілася на ўцягнутасць моладзі і ў “экстрэмісцкую і дэструктыўную дзейнасць”

20 лістапада, Позірк. Аб недастатковасці мер па “патрыятычным выхаванні” непаўналетніх і папярэджанні іх уцягвання ў “экстрэмісцкую і іншую дэструктыўную дзейнасць” заявіла пракуратура Гродзенскай вобласці па выніках праведзенай адпаведнай праверкі.
Паводле даных нагляднага органа, працягваюць рэгістравацца факты здзяйснення непаўналетнімі, якія ў тым ліку не дасягнулі ўзросту прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, правапарушэнняў, звязаных з “распаўсюджваннем у інтэрнэце матэрыялаў экстрэмісцкага зместу і нацысцкай сімволікі”.
У прыватнасці, навучэнец адной з гімназій Гродна “размяшчаў у “Тэлеграме” нацысцкую сімволіку, а таксама каментары дыскрэдытуючага характару ў дачыненні да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў”. Таксама 15-гадовая школьніца распаўсюджвала ў месенджары “выявы свастыкі і іншую інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”.
На думку пракуратуры, названыя факты сведчаць аб “сур’ёзных недахопах” у арганізацыі прафілактычнай работы. Выяўленыя парушэнні, як заяўлена, указваюць на “фармальнае планаванне і адсутнасць належнага аналізу дзейнасці ў гэтай сферы”.
Акрамя таго, падчас праверак высветлілася, што “не ўсе запланаваныя мерапрыемствы былі праведзеныя”.
Таксама выяўленыя парушэнні ў дзейнасці “факультатываў патрыятычнай накіраванасці” і “аб’яднанняў па інтарэсах ваенна-патрыятычнага профілю”.
З прычыны “паслаблення кантролю з боку кіраўнікоў” дапускаліся “факты фармалізму пры арганізацыі працы, неналежнага ўліку праведзеных заняткаў і парушэнні педагогамі працоўнай дысцыпліны”, гаворыцца ў паведамленні.
“Не ў поўнай меры забяспечвалася выкананне планаў выхаваўчай работы ва ўстановах, якія рэалізуюць праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Тут жа выяўленыя недахопы ў працы ваенна-патрыятычных клубаў і слабая ўцягнутасць навучэнцаў у дзейнасць БРСМ”, — заявілі ў пракуратуры.
Звяртаецца ўвага, што на інфармацыйных стэндах некаторых устаноў адукацыі размяшчаліся “неактуальныя звесткі аб ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а экіпіроўка сцягавых груп знаходзілася ў неналежным стане”.
Па выніках праверкі пракуроры ўнеслі ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, а таксама кіраўнікам устаноў адукацыі 12 прадстаўленняў.
Намеснік пракурора Гродзенскай вобласці ўнёс абагульненае прадстаўленне ў адрас намесніка кіраўніка аблвыканкама, у якім “запатрабаваў прыняць вычарпальныя меры па ліквідацыі выяўленых парушэнняў і павышэнню эфектыўнасці патрыятычнага выхавання моладзі”.
10 верасня першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў, выступаючы ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы (Мінская вобласць), заявіў, што “інфармацыйнае супрацьстаянне за розумы і сэрцы нашай моладзі ідзе многія гады”.
“Спекуляцыі на гістарычнай тэме робяцца перш за ўсё для таго, каб стварыць у моладзі няправільныя, ілжывыя стэрэатыпы, — адзначыў чыноўнік. — Гістарычная праўда густа замешваецца на хлусні, фэйках, перакручванні фактаў, калі асобны, які меў месца быць факт, выстаўляецца як усеагульная тэндэнцыя, характэрная для таго ці іншага гістарычнага перыяду”.
У лагерах ваенна-патрыятычнага профілю, арганізаваных на базах воінскіх часцей, за летні сезон пабывала больш за 22 тыс. дзяцей, паведаміў на прэс-канферэнцыі 24 верасня ў Мінску намеснік дырэктара — начальнік аддзела дзяржзакупак, метадычнай і ідэалагічнай работы Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Аляксандр Цай.
“Асноўныя акцэнты” мерапрыемстваў, якія праходзілі ва ўсіх летніх лагерах, паводле яго слоў, былі зробленыя на “грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, на ідэалагічнае выхаванне дзяцей”.
У прыватнасці, ва ўсіх лагерах праводзіліся мерапрыемствы, на якіх дзеці “знаёміліся з лідарамі дзяржаўных органаў, тытулаванымі спартсменамі і лідарамі грамадскіх аб’яднанняў”, а таксама “спазнавалі, як дасягнуць поспеху”. Дзецям распавядалі “аб дасягненнях” Беларусі “на сучасным этапе”. Акрамя таго, яны наведвалі буйныя прадпрыемствы і “месцы баявой славы”.
Паводле слоў метадыста цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Акадэміі нацыянальнай адукацыі Маргарыты Сухавенка, у лагерах “вялікае значэнне надавалася фарміраванню паважлівага стаўлення да дзяржаўнай сімволікі, падняцці дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і выкананню дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь пры правядзенні ўсіх урачыстых мерапрыемстваў”.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал за дзесяць месяцаў выраслі ў гадавым вымярэнні на 10% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваДля барацьбы з інвазіўнымі відамі раслін распрацоўваецца рабатызаваных комплекс з ШІ — прадстаўнік НАНМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка


