Мінск 13:32

У Літве тры чалавекі аштрафаваны амаль на 30 тыс. еўра за кантрабанду цыгарэт з Беларусі на паветраных шарах

20 лістапада, Позірк. Трое жыхароў Літвы (грамадзянства не ўдакладняецца) аштрафаваны на агульную суму 28,9 тыс. еўра за кантрабанду цыгарэт з Беларусі на паветраных шарах, паведаміла 19 лістапада Генеральная пракуратура Літвы.

Жыхара Вільнюса суд прызнаў арганізатарам злачынства і аштрафаваў на 13,5 тыс. еўра. Двум жыхарам Шальчынінкайскага раёна прызначаны штрафы па 7,7 тыс. еўра. Усе трое прызнаны вінаватымі ў кантрабандзе і незаконным распараджэнні падакцызнымі таварамі ў складзе арганізаванай групы (артыкул КК краіны не ўдакладняецца).

Таксама канфіскаваны Volkswagen Passat, на якім перавозілі цыгарэты, і восем выяўленых у аўтамабілі GPS-прылад.

Паводле даных пракуратуры, у ноч на 13 верасня 2025 года двое апошніх па ўказанні першага забралі непадалёк ад Вільнюскана аэрапорта нелегальны груз: “У групу ўваходзілі таксама асобы, якія знаходзіліся на беларускай тэрыторыі”.

Паліцыя затрымала мужчын, калі яны везлі ва ўказанае месца ў сталіцы 1,5 тыс. пачкаў цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт партыі з улікам падаткаў ацэнены ў 7.755 еўра.

З прэс-рэлізу пракуратуры вынікае, што паводле яе хадайніцтва суддзя разгледзеў справу без судовага паседжання. Яго пастанова пакуль не набыла моц. Калі асуджаныя не згодныя з пакараннем, яны маюць права запатрабаваць, каб суд разгледзеў справу ў судовым паседжанні.

17 лістапада “Позірк” паведамляў, што Апеляцыйны суд Літвы пакінуў у сіле прысуд пяці ўдзельнікам групы, якая ў 2022 годзе перапраўляла з Беларусі цыгарэты. Сярод асуджаных — літоўскі памежнік. Яму прызначылі штраф у 13,4 тыс. еўра і на тры гады забаранілі займаць пасады на дзяржслужбе.

9 лістапада Каўнаскі акруговы суд аштрафаваў шасцярых чалавек па іншай справе. У кастрычніку 2024 года група з дапамогай беспілотнікаў пераправіла з Беларусі ў Літву 33 тыс. пачкаў цыгарэт. Двум памежнікам суд прызначыў штрафы ў 21,9 тыс. і 22,2 тыс. еўра, астатнім удзельнікам — ад 17,2 тыс. да 24,9 тыс. еўра.

Падзяліцца: