Лукашэнка разлічвае на “новыя яркія праекты” з Аманам
20 лістапада, Позірк. На “новыя яркія праекты” з Аманам разлічвае ў 2027 годзе Аляксандр Лукашэнка, вынікае з яго віншавання султану Хайсаму бен Тарэку Аль Саіду з Нацыянальным днём.
Паводле слоў віншавальніка, якія перадае яго прэс-служба, будучы год павінен стаць “паспяховай старонкай у гісторыі партнёрства” дзвюх дзяржаў.
“Трывалай асновай” для плённага ўзаемадзеяння Беларусі і Амана служаць “блізкасць мэтаў, поглядаў і каштоўнасцяў, імкненне забяспечыць дабрабыт і бяспеку сваіх грамадзян”, гаворыцца ў пасланні.
Лукашэнка падкрэсліў “паслядоўнае пашырэнне напрамкаў кааперацыі дзвюх краін”. У прыватнасці, ён адзначыў першае пасяджэнне Сумеснага камітэта па супрацоўніцтве і інвестыцыях, якое прайшло ўвесну. Яно, лічыць палітык, “надало істотную дынаміку развіццю двухбаковых сувязяў”.
У віншаванні таксама адзначаецца, што Нацыянальны дзень Амана сімвалізуе “мудрасць пакаленняў кіраўнікоў султаната, народнае адзінства і павагу да гістарычных вытокаў, якія прадвызначылі сённяшнія поспехі краіны”.
Лукашэнка выказаў жаданне сустрэцца з кіраўніком гэтай аравійскай дзяржавы для працягу “давернага дыялогу, прадметнага абмеркавання вынікаў праведзенай працы і будучых планаў”.
Раней ён сустракаўся з султанам у Маскаце (снежань 2024 года) і Мінску (кастрычнік 2025-га).
У рамках кастрычніцкага візіту султана Амана ў Мінск быў заключаны двухбаковы мемарандум аб супрацоўніцтве па будаўніцтве ў Беларусі цэлюлозна-кардоннага камбіната. Мяркуецца, што агульны аб’ём інвестыцый па гэтым праекце складзе каля 1,4 млрд долараў, магутнасць прадпрыемства чакаецца на ўзроўні 800 тыс.т прадукцыі ў год.
Па выніках яго перамоваў з Лукашэнкам таксама былі падпісаныя дарожная карта па развіцці двухбаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Аманам, міжурадавыя пагадненні аб узаемнай адмене віз і аб міжнародных аўтамабільных перавозках.
Паміж Вярхоўнымі судамі дзвюх краін заключаны мемарандум аб узаемаразуменні, паміж РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі ім. Аляксандрава і Нацыянальным анкалагічным цэнтрам Амана пры універсітэце Султана Кабуса — мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне абмену навуковым, медыцынскім і даследчым досведам, паміж профільнымі міністэрствамі дзвюх дзяржаў — мемарандум аб узаемаразуменні ў галіне сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўлі, рыбалоўства і харчавання.
Падчас візіту ў Аман два гады таму Лукашэнка абмяркоўваў з султанам “стан і перспектывы развіцця адносін”.
У 2027 годзе споўніцца 35 гадоў з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі.
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал за дзесяць месяцаў выраслі ў гадавым вымярэнні на 10% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваДля барацьбы з інвазіўнымі відамі раслін распрацоўваецца рабатызаваных комплекс з ШІ — прадстаўнік НАНМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка


