Міжнародны саюз біятланістаў захаваў прыпыненне членства федэрацый Беларусі і РФ

21 лістапада, Позірк. Выканаўчы камітэт Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU) пакінуў без змен статус Беларускай федэрацыі біятлона і Саюза біятланістаў Расіі, членства якіх у арганізацыі прыпыненае.
Паводле інфармацыі прэс-службы IBU, пытанне пра статус абодвух нацыянальных аб’яднанняў разглядалася 20 лістапада на пасяджэнні, прысвечаным падрыхтоўцы да сезона 2026/2027 гадоў.
28 лютага 2022 года, праз чатыры дні пасля поўнамаштабнага ўварвання расійскай арміі ва Украіну, Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з Расіі і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання.
1 сакавіка выканкам IBU прыняў рашэнне адхіліць біятланістаў і спартыўных функцыянераў з Беларусі і РФ ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай, а 29 сакавіка паведаміў пра аднагалоснае рашэнне прыпыніць членства Беларускай федэрацыі біятлона і Саюза біятланістаў Расіі — на нявызначаны тэрмін.
Праз паўгода, 16 верасня, кангрэс IBU пацвердзіў абодва гэтыя рашэнні.
28 сакавіка 2023 года МАК выступіў з заявай, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў, без адпаведнай дзяржаўнай сімволікі.
Аднак перад Алімпійскімі гульнямі 2026 года ў Італіі (праходзілі з 6 да 22 лютага ў Мілане і Карціна-д’Ампеца) стала вядома, што беларускія біятланісты не змогуць у іх удзельнічаць нават у нейтральным статусе.
7 траўня 2026 года выканкам МАК апублікаваў паведамленне, у якім адзначыў, што “больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў”. Выканаўчы камітэт “скасаваў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў”.
Пасля гэтага пра допуск беларускіх спартсменаў на свае спаборніцтвы на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб’яднанні па каратэ, гімнастыцы, фехтаванні, роварным спорце, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяцібор’і і валейболе, ветразевым спорце, барацьбе, цяжкай атлетыцы, а таксама Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту, пад эгідай якой у 2027 годзе адбудуцца летняя і зімовая ўніверсіяды.
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаДругі раз з пачатку лістапада суседнія краіны ЕС не зафіксавалі актыўнасці мігрантаў ля сваіх межаў з Беларуссю (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка



