Мінск 14:58

Хрэнін: Мы павінны зрабіць усё, каб у патэнцыйнага праціўніка нават найменшага жадання не было напасці на Беларусь

Міністр абароны Віктар Хрэнін
Фота: прэс-служба беларускага ваеннага ведамства

21 лістапада, Позірк. Пра неабходнасць “зрабіць усё”, каб у “патэнцыйнага праціўніка нават найменшага жадання не было напасці” на Беларусь, заявіў журналістам міністр абароны Віктар Хрэнін 21 лістапада на цырымоніі прывядзення навабранцаў да прысягі ў 72-м аб’яднаным навучальным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў (вайсковы гарадок Печы ў Барысаве, Мінская вобласць).

“Для гэтага мы маем усё. Самае галоўнае — матываваныя і падрыхтаваныя людзі”, — цытуе военачальніка прэс-служба Міністэрства абароны.

Адзначыўшы, што па ўсёй краіне сёння прысягу прымае больш за 10 тыс. навабранцаў, Хрэнін канстатаваў, што “ўсе яны не выпадковыя людзі”: “Колькасць прызыўнога рэсурсу сёння перавышае патрэбу Узброеных сіл. Прызыўныя камісіі маюць магчымасць адбіраць найбольш матываваных, моцных і падрыхтаваных хлопцаў. У гэтым плане мы адзначаем вельмі станоўчую дынаміку”.

“І самае важнае, мы бачым, што камандзіры на тактычным узроўні адзначаюць узрослы ўзровень нашай моладзі ў здольнасці засвойваць праграмы баявой падрыхтоўкі. <…> Самае галоўнае, што трэба будзе зразумець нашым хлопцам, што служба ў арміі — гэта не нейкі абстрактны абавязак перад краінай, а гатоўнасць абараняць сваю сям’ю, родных, блізкіх, свой дом. Для гэтага мы зробім усё, каб нашы хлопцы гэта зразумелі, усё засвоілі, былі гатовыя і здольныя выканаць задачы”, — заявіў ён.

Міністр адзначыў, што армія змяняецца разам са “змяненнем формаў і спосабаў вядзення вайны”. Паводле яго слоў, сённяшняе войска Беларусі “не тое, што было 10, 5, ды нават 3 гады таму”: “Сам час прымушае нас пастаянна развівацца і будаваць армію”.

У рамках развіцця і будаўніцтва УС вайскова-палітычнае кіраўніцтва краіны вызначыла некалькі прыярытэтаў, першы з якіх — людзі: “Мы адышлі ад муштры. <…> Патрабаванне нашага прэзідэнта простае: сёння вайсковец мае валодаць усімі сучаснымі спосабамі і формамі вядзення баявых дзеянняў, зброяй, а аснову баявога навучання больш арыентаваць на практычныя заняткі і мерапрыемствы. Што мы і зрабілі, перабудаваўшы і праграмы, і ўсю інфраструктуру, дзе арганізуецца баявая падрыхтоўка”.

“Другі [прыярытэт] — гэта тэхніка і тэхналогіі. Толькі за гэты год на ўзбраенне да нас паступіла больш за 40 тысяч розных узораў узбраення: гэта і сучасныя сродкі сувязі, беспілотныя комплексы, радыёэлектроннае абсталяванне, праграмнае забеспячэнне, — сказаў Хрэнін. — Усё гэта заснавана на новых фізічных прынцыпах і патрабуе сур’ёзнага засваення. Для гэтага мы рыхтуем людзей эксплуатаваць сучасную, складаную тэхніку, якая перш за ўсё скіраваная на падтрымку і прыняцце рашэння. Але ўсё ж рашэнне на вайне ўсё роўна прымае чалавек”.

“Трэці прыярытэт — гэта тая стратэгія, якую мы вызначылі: рыхтавацца да вайны так, каб яе ніколі не было. Для гэтага мы арыентуемся на першыя два прыярытэты, на тыя задачы, якія ставіць галоўнакамандуючы, і на ўсе кірункі будаўніцтва і развіцця Узброеных сіл”, — дадаў чыноўнік.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Напад пачаўся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі. Пасля гэтага прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі сталі рэгулярна заяўляць, што Украіна і НАТО рыхтуюцца да вайны з Расіяй і Беларуссю.

Адметна, што 22 ліпеня 2026 года Хрэнін на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам адышоў ад ранейшай мілітарысцкай рыторыкі і заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол краіны, а таксама пра “адсутнасць прыкметаў падрыхтоўкі да актыўных дзеянняў з боку суседніх дзяржаў”.

Аднак праз паўтара месяца, 11 верасня, Лукашэнка, наведваючы Абуз-Лясноўскі палігон (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці), заявіў, што вайскоўцы ведаюць знешнепалітычны парадак дня і назіраюць “агрэсіўную рыторыку на адрас Беларусі”.

“Выведка ў дачыненні да Беларусі вядзецца дастаткова адкрыта, амаль нахабна: перыядычна фіксуем рознага кшталту правакацыі, парушэнні паветранай прасторы, — сцвярджаў ён тады. — Але не гэта галоўнае. Галоўнае заключаецца ў тым, што нашы суседзі сёння выдаткоўваюць мільярды долараў на ўзбраенне сваёй арміі. Нахабна. Не толькі вучэнні ля мяжы, але і стварэнне новых часцей, армій, якія разгортваюцца на мяжы Беларусі. Што гэта такое? Для нас, вайсковых людзей, усё вельмі нават зразумела. Таму нам трэба, як я казаў некалі адкрыта і шчыра, рыхтавацца да вайны, каб яе пазбегнуць. Мы мусім быць гатовыя заўсёды да адэкватнай рэакцыі, калі раптам нешта здарыцца”.

Пасля гэтага Хрэнін у асноўным вярнуўся да ранейшай рыторыкі. Напрыклад, у інтэрв’ю расійскаму прапагандысту Паўлу Зарубіну 15 лістапада міністр абароны Беларусі заявіў, што “еўрапейскія дзяржавы цягам доўгага часу вядуць падрыхтоўку да вайны, аднак адкрыта пра гэта не заяўляюць”. Паводле яго слоў, удасканаленне інфраструктуры, лагістыкі, павелічэнне колькасці “мерапрыемстваў аператыўнай баявой падрыхтоўкі і выведніцкай дзейнасці, якая вядзецца супраць Беларусі і Расіі”, еўрапейцы апраўдваюць “нібыта пагрозай з боку “агрэсараў” — Мінска і Масквы”.

Падзяліцца: