Мінск 14:13

Адказным за аграпрамысловасць віцэ-прэм’ерам прызначаны Ломскі, інспектарам па Гродзенскай вобласці — Гарадзецкі

Аляксандр Ломскі і Дзмітрый Гарадзецкі (злева направа)
Архіўныя фота: sb.by, zhabinka.by / калаж: "Позірк"

23 лістапада, Позірк. Намеснікам прэм’ер-міністра 23 лістапада прызначаны Аляксандр Ломскі, які раней займаў пасаду памочніка Аляксандра Лукашэнкі — інспектара па Брэсцкай вобласці.

Паводле інфармацыі прэс-службы Лукашэнкі, Ломскі будзе курыраваць пытанні развіцця аграпрамысловага сектара.

Прымаючы рашэнне аб прызначэнні, палітык заявіў новаму віцэ-прэм’еру, што асноўным кірункам яго працы стане арганізацыя продажаў.

“Усё, што мы вырабім у краіне, пройдзе праз вашы рукі”, — сказаў ён, падкрэсліўшы неабходнасць дамагацца канкрэтных вынікаў, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы.

Ломскі нарадзіўся 26 сакавіка 1978 года. Скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Працаваў у сельскагаспадарчых арганізацыях Капыльскага раёна (Мінская вобласць), займаў кіроўныя пасады ў аграпрамысловым комплексе. У 2024 годзе быў прызначаны першым намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, у чэрвені 2025 года — памочнікам Лукашэнкі — інспектарам па Брэсцкай вобласці.

Паведамляецца таксама, што 23 лістапада памочнікам Лукашэнкі — інспектарам па Гродзенскай вобласці прызначаны Дзмітрый Гарадзецкі, які раней займаў пасаду першага намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама.

Гарадзецкі нарадзіўся 30 ліпеня 1973 года ў вёсцы Любашава Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, Беларускі недзяржаўны інстытут правазнаўства і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. Працаваў у фінансавых органах, Брэсцкім аблвыканкаме, узначальваў адміністрацыю Ленінскага раёна Брэста і Жабінкаўскі райвыканкам. У 2024 годзе стаў першым намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама.

Канстанцін Бурак, які да гэтае пары займаў пасаду інспектара па Гродзенскай вобласці, узгоднены на пазіцыю першага намесніка генеральнага сакратара СНД.

У сакавіку 2025 года Бурак узначаліў апарат Савета міністраў, а ў красавіку таго ж года быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці.

Падзяліцца: