Мінск 21:58

Лукашэнка, Пуцін, Такаеў і Жапараў выказаліся за больш хуткае правядзенне ў Арменіі рэферэндуму аб членстве ў ЕАЭС альбо ЕС

Ілюстрацыя: emerging-europe.com

29 траўня, Позірк. За больш хуткае правядзенне ў Арменіі рэферэндуму аб членстве ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) альбо Еўрапейскім саюзе (ЕС) выказаліся Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнты Расіі Уладзімір Пуцін, Казахстана Касым-Жамарт Такаеў і Кыргызстана Садыр Жапараў у сумеснай заяве.

Дакумент прыняты 29 траўня на саміце ЕАЭС у Астане і апублікаваны прэс-службай Крамля.

“Падзяляем пазіцыю аб неабходнасці правядзення ў Рэспубліцы Арменія ў магчыма кароткія тэрміны агульнанацыянальнага рэферэндуму аб уступленні ў Еўрапейскі саюз або далейшым знаходжанні ў складзе Еўразійскага эканамічнага саюза“, — гаворыцца ў заяве.

Членам Еўразійскага міжурадавага савета ад Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Расіі на чарговым пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў снежні 2026 года даручана далажыць аб “магчымых наступствах прыпынення ў дачыненні да Рэспублікі Арменія дзеяння дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе”.

Падпісанты “прымаюць пад увагу” дзеянні Арменіі, “накіраваныя на ўступленне ў Еўрапейскі Саюз, у тым ліку ўхваленне ў 2025 годзе Нацыянальным сходам Рэспублікі Арменія (26 сакавіка. — Позірк.) і падпісанне прэзідэнтам Рэспублікі Арменія (4 красавіка. — Позірк.) закона Рэспублікі Арменія “аб пачатку працэсу ўступлення Рэспублікі Арменія ў Еўрапейскі саюз”, а таксама пацвярджэнне Еўрапейскім саюзам еўрапейскіх памкненняў урада Рэспублікі Арменія, выказанае ў сумеснай дэкларацыі па выніках першага саміту Арменія — Еўрапейскі саюз, прынятай 5 траўня 2026 г.”.

На думку аўтараў заявы, падрыхтоўка Арменіі да ўступлення ў ЕС нясе “істотныя рызыкі для эканамічнай бяспекі дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза”, таму ёсць “неабходнасць прадухілення звязанай з гэтым шкоды дзяржавам — членам Саюза”.

ЕАЭС — арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю. Яе паўнапраўнымі членамі з’яўляюцца Беларусь, Казахстан і Расія (з 1 студзеня 2015 года), а таксама Арменія (з 2 студзеня 2015 года) і Кыргызстан (з 12 жніўня 2015 года).

Краіны-назіральнікі — Куба, Малдова, Узбекістан. Пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС падпісалі В’етнам, Сербія і Сінгапур.

Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян раней заявіў, што краіна рухаецца да стандартаў ЕС, але пакуль захоўвае членства ў ЕАЭС. Паводле яго слоў, якія прыводзіць newsarmenia.am, калі сумяшчаць абодва кірункі стане немагчыма, далейшы выбар будзе зроблены разам з грамадзянамі краіны.

Сёлета 9 траўня Уладзімір Пуцін заявіў, што Арменіі варта як мага раней вызначыцца з удзелам у ЕС або ЕАЭС. “У адпаведнасці з гэтым і мы зрабілі б адпаведныя высновы і пайшлі б па шляху мяккага, такога інтэлігентнага разводу і ўзаемавыгаднага разводу“, — сказаў прэзідэнт РФ.

29 траўня пасля саміту ЕАЭС Аляксандр Лукашэнка паведаміў (цытаты паводле паведамлення яго прэс-службы), што пытанне аб выхадзе Арменіі з ЕАЭС разглядалася “на закрытым пасяджэнні“. “Падпісалі адпаведную заяву. Першае, канстатавалі ўсе, мы не хочам, каб Арменія выходзіла з нашага Еўразійскага саюза. Мы паважаем выбар Арменіі. Мы паважаем выбар народа Арменіі. Калі народ прыняў такое рашэнне або прыме і згодны выйсці з саюза, у якім цяпер знаходзіцца, і ўступіць у Еўрапейскі саюз калісьці, мы не можам быць супраць волі армянскага народа. І следам у гэтай заяве дапісалі, што мы падтрымліваем жаданне кіраўніцтва Арменіі, якое пра гэта заявіла, правесці па гэтым пытанні рэферэндум“, — сказаў Лукашэнка.

7 чэрвеня ў Арменіі пройдуць парламенцкія выбары. Паводле розных апытанняў грамадскай думкі, лідзіруе партыя прэм’ер-міністра Пашыняна. Яго падтрымліваюць Еўрасаюз і ЗША.

У той жа час Расія здзяйсняе на Арменію палітычны і эканамічны ціск. 1 красавіка на сустрэчы з Пашынянам у Маскве Пуцін выказаўся за ўдзел у выбарчай кампаніі прарасійскіх партый. У траўні Расія ўвяла абмежаванні на ўвоз шэрагу армянскіх тавараў.

Паводле даных Армстата, якія прыводзіць newsarmenia.am, за першы квартал 2026 года тавараабарот Арменіі з краінамі ЕАЭС склаў 1,41 млрд долараў, скараціўшыся на 15,6% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам, з Еўрасаюзам — 763,2 млн долараў (рост на 54,3%).

Гл. таксама:

Минск троллит армян, хотя сам не прочь слегка отползти от Москвы (на рускай мове)

Падзяліцца: