Мінск 14:13

Мінск абавязаўся абараніць працоўных мігрантаў з Пакістана ад дыскрымінацыі, ад іх патрабуецца веданне рускай, але не беларускай

Ілюстрацыйнае фота: multifacetedgirl / pixabay.com

30 траўня, Позірк. Беларусь абавязалася абараняць правы працоўных-мігрантаў і членаў іх сем’яў і не дапускаць у дачыненні да іх дыскрымінацыі паводле хоць бы якой прыкметы, вынікае з тэксту мемарандума аб узаемаразуменні паміж беларускім і пакістанскім урадамі па супрацы ў сферы працы і працаўладкавання.

Дакумент быў падпісаны яшчэ 27 жніўня 2025 года ў Ісламабадзе, але з улікам праходжання ўсіх унутрыдзяржаўных працэдур яго тэкст апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале толькі цяпер, 30 траўня 2026-га.

З мемарандума вынікае, што прыярытэтнымі сектарамі для прыцягнення працоўных мігрантаў з Пакістана з’яўляюцца прамысловасць, будаўніцтва, сельская гаспадарка, медыцына, сфера паслуг і інфармацыйныя тэхналогіі.

У дакуменце прапісаны алгарытм таго, як пакістанскія працоўныя мігранты могуць трапіць у Беларусь.

Беларускі наймальнік (асоба, якая мае права заключаць працоўны дагавор; форма ўласнасці не канкрэтызаваная) падае ў амбасаду Пакістана заяўку, у якой пазначае колькасць вакансій, пералік спецыяльнасцяў і неабходную кваліфікацыю работнікаў, апісанне работ і ўмовы працы.

Амбасада перадае гэтую інфармацыю ў пакістанскае ўрадавае Бюро эміграцыі і працаўладкавання за мяжой, якое ў сваю чаргу адрасуе заяўку накіравальнаму агенцтву — дзяржаўнай або прыватнай арганізацыі, карпарацыі па працаўладкаванні за мяжой з паўнамоцтвамі па адборы і накіраванні працоўных у Беларусь.

Агенцтва абавязанае падабраць кандыдатаў без судзімасці, з неабходным узроўнем адукацыі і навыкамі для выканання працы па заяўленай спецыяльнасці (пры неабходнасці — навучыць, перавучыць або падвысіць кваліфікацыю), фізічна і псіхічна прыдатных для выканання канкрэтных задач. Акрамя таго, агенцтва мае арганізаваць “мерапрыемствы па моўнай падрыхтоўцы па рускай мове” да выезду працоўнага мігранта ў Беларусь. З дакумента вынікае, што веданне першай дзяржаўнай мовы — беларускай — ад кандыдатаў не патрабуецца.

Пасля адбору беларускі наймальнік праводзіць з кожным кандыдатам відэаінтэрв’ю і ў выпадку паспяховага праходжання заключае з накіравальным агенцтвам пагадненне.

Наймальнік атрымлівае ва ўпаўнаважаных органах Беларусі дазвол на працоўную дзейнасць для кожнага канкрэтнага пакістанскага работніка (каардынатары — МУС ды Мінпрацы і сацабароны), а агенцтва ў Пакістане дапамагае мігранту аформіць выязныя дакументы і беларускую візу на падставе запрашэння наймальніка. Заключаецца працоўная дамова.

Члены сям’і мігранта (муж або жонка, а таксама непаўналетнія дзеці) могуць паехаць у Беларусь разам з нанятым работнікам. Іх знаходжанне ў краіне наўпрост залежыць ад тэрміну дзеяння спецдазволу на працу і дазволу на жыхарства найманага.

11 красавіка 2025 года Аляксандр Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Мінску з кіраўніком урада Пакістана Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць механізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго слоў, краіна гатовая прыняць 100–150 тыс. спецыялістаў.

На пачатку траўня 2026 года паведамлялася, што на сайце пакістанскага Бюро эміграцыі і працаўладкавання за мяжой фігуруе 332 прапановы аб працы ў Беларусі. Згодна з праведзеным “Позіркам” маніторынгам звестак гэтай службы, на пачатку сакавіка такіх вакансій было 54, то бок за два месяцы іх колькасць павялічылася ў 6,1 раза. Некаторыя вакансіі дададзеныя заднім чыслом.

Падзяліцца: