Мінск 21:20

Пяцёра жыхароў Вільнюса абвінавачваюцца ў кантрабандзе беларускіх цыгарэт на 282 тыс. еўра

Фота: САДМ

24 ліпеня, Позірк. Аб праведзенай аперацыі па спыненні кантрабанды беларускіх цыгарэт паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

Аперацыя праведзеная раніцай 22 ліпеня — пасля атрыманай інфармацыі аб тым, што з грузавога цягніка, які едзе з Калінінградскай вобласці (РФ), будзе выкінутая партыя кантрабандных цыгарэт, якую пазней пагрузяць у аўтамабілі.

У спыненні кантрабанды ўдзельнічалі супрацоўнікіСАДМ і байцы падраздзялення спецыяльнага прызначэння “Ковас”, садзейнічанне аказвалі прадстаўнікі Літоўскіх чыгунак.

Паведамляецца, што падчас аперацыі на аўтамагістралі Вільнюс — Каўнас — Клайпеда для праверкі быў спынены зарэгістраваны ў Літве аўтамабіль “Mercedes“ пад кіраваннем 38-гадовага жыхара Вільнюса. У грузавым мікрааўтобусе памежнікі выявілі 45.500 пачкаў цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі.

Далей, адзначае САДМ, на той жа аўтамагістралі быў спынены аўтамабіль “Пежо“ з літоўскімі рэгістрацыйнымі нумарамі. За рулём знаходзіліся двое жыхароў Вільнюса — 40-гадовы кіроўца і 43-гадовы пасажыр. У гэтым аўтамабілі было знойдзена 11.000 пачкаў цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі.

Паведамляецца, што ўсяго ў двух аўтамабілях канфіскавана 1.130 скрынак з 56.500 пачкамі цыгарэт. Іх агульны кошт перавышае 282 тыс. еўра.

Пазней супрацоўнікі САДМ затрымалі яшчэ дваіх датычных да кантрабанды жыхароў Вільнюса — 60 і 46 гадоў. Як паведамляецца, старэйшаму з іх прызначаная мера стрымання ў выглядзе пісьмовага абавязацельства не пакідаць месца жыхарства, малодшаму — арышт тэрмінам на 10 сутак.

Трое жыхароў Вільнюса, якія перасоўваліся на аўтамабілях з цыгарэтамі, узятыя пад варту тэрмінам ад аднаго да двух месяцаў.

Распачатае дасудовае расследаванне. Падкрэсліваецца, што за такое злачынства прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафу альбо пазбаўлення волі да васьмі гадоў.

Падзяліцца: