Мінск 23:26

Чарнагорыя плануе адмяніць бязвізавы рэжым з Беларуссю з 31 кастрычніка

Фота: Anastasiya D / unsplash.com

24 ліпеня, Позірк. Урад Чарнагорыі падрыхтаваў і апублікаваў на сваім інтэрнэт-партале праект пастановы аб адмене бязвізавага рэжыму з Беларуссю і Расіяй.

З дакумента вынікае, што бязвіз будзе адменены 31 кастрычніка 2026 года.

Да гэтай даты грамадзяне абедзвюх краін “могуць у адпаведнасці з заключанымі міжнароднымі дамовамі аб узаемных паездках уязджаць, рухацца транзітам праз тэрыторыю і знаходзіцца ў Чарнагорыі да 30 дзён пры наяўнасці сапраўднага праязнога дакумента, выдадзенага кампетэнтнымі органамі гэтых дзяржаў”, гаворыцца ў праекце пастановы.

З 31 кастрычніка беларусам і расіянам давядзецца афармляць візу для знаходжання ў Чарнагорыі і транзіту праз тэрыторыю краіны.

Пра тое, што Чарнагорыя ўвядзе візы для грамадзян Беларусі і Расіі, каб пачаць “гарманізацыю з правіламі, якія дзейнічаюць у Шэнгенскай зоне”, мясцовае выданне Dan са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе краіны паведамляла ў лістападзе 2024 года.

Краіна ў цяперашні час вядзе перамовы аб уступленні ў Еўрапейскі саюз. Паводле ацэнак урада Чарнагорыі, яна можа стаць членам ЕС у 2028 годзе.

Чарнагорыя з’яўляецца адной з нямногіх еўрапейскіх краін, куды грамадзяне Беларусі пакуль могуць уязджаць без віз (працягласць аднаго наведвання — не больш за 30 дзён). Акрамя постсавецкіх дзяржаў, бязвізавы ўезд для беларусаў дазволены ў Сербію (таксама на тэрмін да 30 дзён).

Бязвізавы рэжым для грамадзян Беларусі ў Албаніі быў адменены з 30 верасня 2025 года.

Падзяліцца: