Мінск 01:11

У аўтамабілі і кватэрах грамадзяніна Літвы выяўлена амаль 3 тыс. пачкаў нелегальных беларускіх цыгарэт

29 траўня, Позірк. Аб выяўленні 1.500 пачкаў цыгарэт “Minsk Capital QS“ і” NZ Gold ” у багажніку спыненага для праверкі ў Алітускім раёне аўтамабіля мясцовага жыхара паведаміла 29 траўня Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) пры МУС Літвы.

Працягваючы працэсуальныя дзеянні, памежнікі правялі ператрусы па месцах пражывання затрыманага ў Алітусе і Алітускім раёне. Там было выяўлена яшчэ 1.387 пачкаў цыгарэт розных марак, частка з іх — без акцызных знакаў.

Такім чынам, усяго супрацоўнікі САДМ выявілі 2.887 пачкаў нелегальных цыгарэт, кошт якіх з улікам усіх абавязковых да выплаты ў Літве падаткаў складае 15.532 еўра.

Па факце незаконнага захоўвання і распараджэння падакцызнымі таварамі ў Варэнскім памежным атрадзе САДМ распачатае дасудовае расследаванне, якім кіруе пракурор 2-га аддзела крымінальнага пераследу Каўнаскай акруговай пракуратуры.

Паведамляецца, што за такое злачынства законам прадугледжаны штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.

Затрыманы быў змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. 28 траўня пасля допыту яго адпусцілі, прызначыўшы меру стрымання ў выглядзе пісьмовага абавязацельства не пакідаць месца жыхарства.

Нелегальныя цыгарэты і аўтамабіль “Форд Мандэа“ часова захоўваюцца ў Варэнскім памежным атрадзе.

Падзяліцца: