Мінск 17:40

Музыка Алег Хаменка і яшчэ 18 чалавек унесеныя ў “спіс экстрэмістаў”

Лідар гурта "Палац" Алег Хаменка
Архіўнае відэа: рэсурсы фестывалю aDNaK / стоп-кадр: "Позірк"

29 траўня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў 29 траўня дадало яшчэ 19 чалавек у “спіс асоб, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”. Цяпер у пераліку на сайце ведамства 6.650 пазіцый.

Адзінаццаць чалавек унесена ў спіс з пазнакай “судзімасць не пагашаная” (можа сведчыць пра пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі, але не абавязкова). Гэта Яна Галімская, Рыгор Талкачоў, Кірыл Лойка, Ягор Крыцкі, Яўген Пракопчык, Павел Казлоў, Наталля Гінько, Аляксандр Кандратовіч, Сяргей Шынгірэй, Андрэй Абакунчык і Павел Казлоў, асуджаныя пераважна паводле арт. 3614 Крымінальнага кодэкса.

Восем чалавек дададзена ў пералік з пазнакай “адбывае пакаранне”. Гэта Ганна Струкава, Галіна Фралова, Вольга Байкоўская, Вольга Вашчанка (усе асуджаныя паводле арт. 130 і 3611 КК), Алег Стэфановіч (арт. 16, 243 і 3611), Уладзіслаў Сінкевіч (арт. 130, 368 і 3614), Аляксандр Зубрык (арт. 130, 342, 368, 369 і 370), Аляксандр Харчанка (арт. 3691 і 3614) і музыка Алег Хаменка (арт. 342 і 3611).

Струкава, Фралова і Байкоўская ў жніўні 2024 года былі названыя датычнымі да “экстрэмісцкага фарміравання” “секта “Руская праваслаўная царква — Царская Імперыя”, расследаванне было завершанае ў ліпені 2025. У траўні 2026-га стала вядома, што Вярхоўны суд пакінуў дзейнымі выракі: Струкавай, Фраловай, Байкоўскай — 5 гадоў і 3 месяцы зняволення, Вошчанцы — 5 гадоў.

Сінкевіч сёлета у лютым быў унесены ў спіс “асоб, што маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” паведамляў, што Гродзенскі абласны суд завочна прыгаварыў 28-гадовага Зубрыка да 3,5 года пазбаўлення волі паводле пяці артыкулаў КК. Сутнасць абвінавачанняў невядомая.

Вядомы ў Беларусі музыка, радыёвядоўца, прадзюсер і папулярызатар беларускай музычнай культуры Алег Хаменка быў затрыманы ў Мінску 17 чэрвеня 2025 года пасля вобшуку ў яго кватэры. У ліпені беларуская праваабарончая супольнасць прызнала музыку палітвязнем. У сакавіку 2026-га мужчына быў прыгавораны да 3 гадоў зняволення.

Хаменка — лідар фолк-групы “Палац”. Выкладаў у Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў. Быў вядоўцам музычнага фестывалю “Камяніца”, які штогод праводзіўся пад Мінскам.

Вядоўца радыёверсіі хіт-парада Tuzin.fm “Тузін хітоў” на “Радыё Рацыя” і аўтарскай праграмы “Фолк брама”. Быў вядоўцам праграмы “Брама Існасці” на радыёстанцыі “Аўтарадыё” аж да яе закрыцця 12 студзеня 2011 года з палітычных матываў. У складзе гурта “Палац” здымаўся ў мастацкім фільме “Анастасія Слуцкая”, а таксама ў якасці камео ў серыяле “Вышэй за неба”.

Даведка “Позірку”:

  • арт. 16 — саўдзел у злачынстве;
  • арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;
  • арт. 243 — ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў;
  • арт. 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх;
  • арт. 3611 — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім;
  • арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;
  • арт. 368 — абраза прэзідэнта, у тым ліку таго, што спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў;
  • арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады;
  • арт. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь;
  • арт. 370 — знявага дзяржаўных сімвалаў.
Падзяліцца: