Мінск 17:43

Лукашэнка павіншаваў з Днём ЕАЭС прадстаўнікоў усіх краін аб’яднання, акрамя Арменіі

Ерэван, Арменія
Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

29 траўня, Позірк. За час існавання Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС) стаў “прыкладам мірнага і стваральнага эканамічнага аб’яднання, удзельнікі якога паважаюць інтарэсы адзін аднаго і выбудоўваюць узаемадзеянне праз дыялог і пошук кампрамісаў”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 29 траўня, віншуючы прадстаўнікоў гэтай арганізацыі з 12-годдзем ад моманту ўтварэння (Дзень ЕАЭС).

“Сёлета мы пачынаем новы этап інтэграцыйнай супрацы: пераходзім да практычнай рэалізацыі Дэкларацыі “Еўразійскі эканамічны шлях”, якая вызначыла асноўны вектар развіцця ЕАЭС да 2030 года і яго доўгатэрміновую стратэгію на перыяд да 2045 года”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Лукашэнка лічыць, што члены ЕАЭС “сумеснымі намаганнямі змогуць забяспечыць высокі ўзровень дабрабыту народаў Саюза, у поўнай меры раскрыўшы яго патэнцыял у якасці самадастатковага макрарэгіёну са статусам тэхналагічнага і інтэлектуальнага лідара”.

Адзначаецца, што палітык накіраваў віншаванне з Днём ЕАЭС “членам Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета — прэзідэнтам Расіі, Казахстана і Кыргызстана Уладзіміру Пуціну, Касым-Жамарту Такаеву і Садыру Жапараву”, а таксама “старшыні Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжану Сагінтаеву”.

Адметна, што акрамя названых трох краін і Беларусі ў ЕАЭС уваходзіць Арменія, аднак ні яе прэзідэнт Ваагн Хачатуран, ані прэм’ер-міністр Нікол Пашынян у віншаванні не згаданыя.

27 траўня на перадвыбарчым мітынгу ў Абавяне (горад-спадарожнік Ерэвана) Пашынян, які тады знаходзіўся ў адпачынку, выказаў гатоўнасць задзейнічаць усе рычагі, каб Лукашэнка не змог выкарыстаць ЕАЭС супраць Арменіі.

Заявы пра выхад Арменіі з аб’яднання, якія цяпер гучаць, палітык назваў пустымі, адзначыўшы — тыя, хто выступае з такімі заявамі, не разумеюць, што яны “рыюць магілу” ЕАЭС. “Я пасля [парламенцкіх выбараў] 7 чэрвеня, у выпадку атрымання народнага мандата, вярнуся на працу, і вы пабачыце, што ўсе трывожныя заявы будуць нейтралізаваныя”, — сказаў Пашынян, які ўзначальвае спіс кандыдатаў у дэпутаты кіроўнай партыі “Грамадзянская дамова”.

Каментуючы ранейшыя сцвярджэнні Лукашэнкі пра тое, што Арменія нікому не патрэбная, Пашынян заявіў, што армяне ні ў якім разе не застануцца без альтэрнатывы. “Мы не будзем спадзявацца на адну дарогу, на аднаго саюзніка, на адзін трубаправод. Мы маем чыгунку з Захаду на Усход, раней адкрылася чыгунка Ахалкалакі — Карс, а да гэтага адкрылася чыгунка праз тэрыторыю Азербайджана”, — падкрэсліў ён.

4 траўня з Пашынянам на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці (ЕПС) у Ерэване сустрэлася беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, якая таксама правяла перамовы з міністрам замежных спраў Арменіі Араратам Мірзаянам.

Сустрэчу з Пашынянам і кіраўніком армянскага МЗС Ціханоўская назвала “важным знакам таго, што стасункі паміж дэмакратычнай Беларуссю і Арменіяй выходзяць на новы ўзровень”.

Пасля гэтага беларускае МЗС уручыла ноту пратэсту часоваму паверанаму ў справах Арменіі ў Мінску Артуру Саргсяну.

Арменія пад кіраўніцтвам Пашыняна, які прыйшоў да ўлады ў 2018 годзе пасля пратэстаў супраць ранейшых кіраўнікоў краіны, узяла курс на збліжэнне з Еўрасаюзам.

Пры гэтым у апошнія гады стасункі паміж Мінскам і Ерэванам значна пагоршыліся. Прычынай таму стаў апошні карабахскі ваенны канфлікт з Азербайджанам (першая фаза — канец 2020-га, другая — канец 2023-га), у выніку якога непрызнаная Нагорна-Карабахская Рэспубліка, якую падтрымлівала Арменія, спыніла існаванне, а тэрыторыі перайшлі пад кантроль Баку.

Ерэван, што стаяў ля вытокаў стварэння Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, папракнуў вайскова-палітычны блок у бяздзейнасці ў гэтай сітуацыі. Больш за тое, паводле сцвярджэння Пашыняна, некалькі краін АДКБ фактычна дапамагалі Баку. Не назваўшы гэтыя дзяржавы наўпрост, армянскі прэм’ер недвухсэнсоўна намякнуў, што адна з іх — Беларусь.

Канфлікт абвастрыўся пасля інтэрв’ю Лукашэнкі дзяржаўнаму тэлеканалу РФ “Расія” ў 2024 годзе, у якім ён раскрытыкаваў курс армянскіх уладаў на збліжэнне з Захадам.

“Вы бачыце палітыку. Я нават не звяртаў увагі і казаць не хачу пра Арменію. Ну што гэта за палітыка? Ну каму армяне патрэбныя, акрамя нас? Нікому яны не патрэбныя. Няхай развіваюць сваю эканоміку і арыентуюцца на тое, што яны маюць. Якая Францыя, які [прэзідэнт Эманюэль] Макрон? Заўтра не будзе Макрона, і ўсе забудуцца на гэтую Арменію”, — сказаў ён.

Падзяліцца: