Мінск 17:41

Зніклымі без вестак лічацца 1.888 грамадзян Беларусі — СК

Ілюстрацыйнае фота: Kurniawan Kami Saputra / unsplash.com

29 траўня, Позірк. Зніклымі без вестак лічацца 1.888 грамадзян Беларусі, вынікае з інфармацыі Следчага камітэта.

Паводле даных ведамства, большасць людзей, чыё месцазнаходжанне дагэтуль не высветленае, незадоўга да знікнення знаходзіліся або выязджалі ў Расію.

Справам пра знікненне людзей у Беларусі “надаюць асаблівую ўвагу”, заявіў намеснік старшыні СК Сяргей Аземша ў Гомелі на міжнародным семінары беларускіх і расійскіх следчых органаў, якое было прысвечана расследаванню знікнення людзей.

“У ліку мэтаў сумеснага семінара — абмен рэгіянальнымі практыкамі, выпрацоўка новых падыходаў да расследавання з улікам сучасных крыміналістычных тэхналогій, у тым ліку генетычнай экспертызы і лічбавых метадаў вышуку”, — сказаў Аземша.

17 траўня паведамлялася пра знікненне ў Расіі 43-гадовага Аляксандра Клачковіча. Мужчына пражывае ў Кобрыне (Брэсцкая вобласць), у Расіі знаходзіўся на заробках (меркавана ў пасёлку Загаранскі Шчалкоўскага раёна Маскоўскай вобласці). 4 траўня 2026 года перастаў выходзіць на сувязь.

Дагэтуль не расследаванае знікненне ў 1999-м годзе былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага.

У 2019 годзе былы баец спецыяльнага атрада хуткага рэагавання (САХР) Юрый Гараўскі заявіў у СМІ, што 7 траўня 1999-га быў у складзе г.зв. “эскадрона смерці”, які на загад камандзіра САХРу Дзмітрыя Паўлічэнку выкраў і забіў Захаранку, а 16 верасня таго ж года — Ганчара і Красоўскага.

У верасні 2023 года суд швейцарскага горада Роршах разгледзеў справу пра гвалтоўнае знікненне Захаранкі, Ганчара і Красоўскага ў рамках універсальнай юрысдыкцыі. Гвалтоўнае знікненне класіфікуецца як злачынства супраць чалавечнасці. Суд прызнаў Гараўскага невінаватым, палічыўшы недастатковымі доказы яго віны.

Праваабаронцы заявілі, што апраўдальны вырак не ставіць пад сумнеў злачынствы рэжыму Лукашэнкі.

Паводле інфармацыі Deutsche Welle, 24 чэрвеня 2026 года суд швейцарскага кантона Санкт-Гален разгледзіць у апеляцыйным парадку справу Гараўскага.

Скаргу на вырак падалі сваякі зніклых апанентаў Аляксандра Лукашэнкі, праваабарончыя арганізацыі “Вясна”, Trial International і Міжнародная федэрацыя за правы чалавека.

Падзяліцца: