Мінск 14:27

Палітвязня Ціхана Осіпава трэці раз будуць судзіць за “злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі”

Фота: "Вясна"

14 кастрычніка, Позірк. Аб пачатку новай крымінальнай справы супраць палітвязня Ціхана Осіпава паводле артыкула аб “злосным непадпарадкаванні адміністрацыі папраўчай установы” паведаміла, паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, былая палітзняволеная Антаніна Канавалава.

Паводле яе інфармацыі, справа распачатая 9 кастрычніка.

Осіпаў знаходзіцца за кратамі з 14 жніўня 2020 года. У зняволенні ў яго ўзніклі сур’ёзныя праблемы са здароўем, уключаючы пазваночнік і сэрца. Цяпер ён утрымліваецца ў штрафным ізалятары ваўкавыскай калоніі № 11 (Гродзенская вобласць).

У траўні 2021 года Осіпава прысудзілі да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: за нібыта наезд на пецярых вайскоўцаў падчас пратэстаў у жніўні 2020 года, удзел у масавых беспарадках і загадзя ілжывы данос.

У 2022 годзе па справе аб “злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы” (ч. 2 арт. 411 КК) Осіпаву прызначылі яшчэ сем месяцаў пазбаўлення волі і змянілі рэжым утрымання з узмоцненага на строгі.

У сакавіку 2026 года яго зноў прызналі вінаватым паводле гэтага артыкула і дадалі да тэрміну яшчэ паўтара года калоніі.

Такім чынам, адзначаюць праваабаронцы, агулам па дзвюх справах аб непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі Осіпаву ўжо дадаткова прызначылі два гады і два месяцы пазбаўлення волі.

Падзяліцца: