Мінск 15:18

У Полацкім раёне рабочы зваліўся з шасціметровай вышыні, яго даставілі ў рэанімацыю

Фота: СК

14 кастрычніка, Позірк. Следчы камітэт паведаміў пра пачатак праверкі па факце траўміравання 59-гадовага рабочага на будаўнічым аб’екце ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці.

Паводле звестак ведамства, раніцай 12 кастрычніка будаўнічая брыгада займалася дахавымі працамі. Калі рабочы падымаўся на трэці ярус будаўнічых лясоў, ён “наступіў на незамацаваны драўляны насціл”. Адзначаецца, што канструкцыя не вытрымала яго вагі, і мужчына ўпаў на зямлю з вышыні каля шасці метраў.

Пацярпелага з траўмамі рознай ступені цяжкасці экстрана даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы.

Следчыя ўстанавілі, што на аб’екце адсутнічалі страховачныя тросы для працы на вышыні.

Для вызначэння ступені цяжкасці траўмаў прызначаная экспертыза.

Падзяліцца: