Мінск 11:48

Дырэктар мінскай фірмы недаплаціў больш за 1,6 млн рублёў падаткаў, завышаў кошты абсталявання — СК

6 лістапада, Позірк. Аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць 45-гадовага заснавальніка і дырэктара мінскай фірмы, які падазраецца ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і перавышэнні службовых паўнамоцтваў, паведаміла прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле даных следства, на працягу некалькіх гадоў кіраўнік пастаўляў дзяржаўным арганізацыям водаправоднае і ацяпляльнае абсталяванне па завышаных цэнах. У асобных выпадках гандлёвая надбаўка дасягала 65% адпускной цаны пры дапушчальных 15%, сцвярджае СК.

Ведамства інфармуе, што мужчына фактычна кіраваў некалькімі прадпрыемствамі, зарэгістраванымі на яго сваякоў і знаёмых. Перасоўванне тавараў паміж гэтымі фірмамі афармлялася толькі на паперы, а транспартныя выдаткі завышаліся. Гэта дазваляла дырэктару вызначаць надбаўку з улікам коштаў канкурэнтаў. Часам ён мяняў найменне тавару, каб прадаваць яго розным пакупнікам па розных коштах.

Схему выявіла ўпраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Віцебскай вобласці. Паводле папярэдніх звестак СК, падазраваны недаплаціў у бюджэт больш за 1,6 млн рублёў падаткаў. Ведамства ацэньвае прычыненую дзяржаве шкоду больш чым у 430 тыс. рублёў.

Справу расследуе Цэнтральны (горада Менска) раённы аддзел СК Мінска паводле ч.3 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў, якое пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры) і ч. 3 арт. 426 (перавышэнне службовых паўнамоцтваў, што пацягнула цяжкія наступствы) Крымінальнага кодэкса.

Падзяліцца: