Мінск 11:35

Прэм’ер-міністр Малдовы дапусціў увядзенне віз для грамадзян Беларусі

Сталіца Малдовы Кішынёў
Фота: "Позірк"

6 лістапада, Позірк. Малдова можа ўвесці візы для грамадзян Беларусі падчас падрыхтоўкі да ўступлення ў Еўрасаюз, вынікае з заявы прэм’ер-міністра краіны Васіле Тафана ў эфіры малдаўскага тэлеканала TV8.

“Мы хочам працягваць еўрапейскі шлях. Я не гатовы назваць дату”, — сказаў Тофан. Паводле яго слоў, калі нормы ЕС запатрабуюць перагляду візавага рэжыму, Малдове варта прыняць рашэнні, якія дазволяць ёй прасунуцца на шляху да сяброўства ў саюзе.

Як адзначае TV8 са спасылкай на даклад Еўракамісіі, Малдове трэба будзе прывесці правілы ўезду для грамадзян 11 краін, у тым ліку Беларусі і Расіі, у адпаведнасць з візавай палітыкай ЕС. Цяпер грамадзяне гэтых дзяржаў могуць уязджаць у Малдову без віз.

Нават пры дзейным бязвізавым рэжыме ў грамадзян Беларусі і Расіі на мяжы могуць запатрабаваць дакументы, якія пацвярджаюць мэту паездкі. Калі пацвердзіць яе не ўдаецца, памежная паліцыя мае права адмовіць ва ўездзе. Паводле звестак ведамства, прыведзеных у дакладзе амбудсмена Малдовы, у 2025 годзе толькі ў аэрапорце Кішынёва ва ўездзе адмоўлена 84 грамадзянам Беларусі і 561 грамадзяніну Расіі.

Сёлета 1 лістапада ў сувязі з перамовамі аб уступленні ў ЕС візавы рэжым у дачыненні да грамадзян Беларусі ўвяла Чарнагорыя.

Падзяліцца: