Мінск 23:45

Грамадзянін Латвіі спрабаваў увезці ў Беларусь незадэклараванае адзенне і абутак на суму больш за 130 тыс. рублёў

5 лістапада, Позірк. Пра выяўленне незадэклараванай партыі жаночага брэндавага адзення, абутку і сумак у грамадзяніна Латвіі, які ўязджаў у Беларусь, паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт.

Мужчына ехаў праз пункт пропуску Каменны Лог (з літоўскага боку — Мядзінінкай) на аўтамабілі “Мэрсэдэс-Бенц” і выбраў чырвоны калідор. Ён падаў пасажырскую дэкларацыю на часовы ўвоз аўтамабіля, заявіўшы, што іншых тавараў, якія падлягаюць дэклараванню, у яго няма.

Падчас агляду гродзенскія мытнікі выявілі ў аўтамабілі абутак, сумкі і адзенне, у тым ліку футры. Паводле інфармацыі ДМК, усе вырабы былі новымі, аднак фабрычныя этыкеткі з іх зрэзалі.

Эксперт ацаніў кошт тавараў у 132 тыс. рублёў.

Гродзенская рэгіянальная мытня пачала адміністрацыйны працэс паводле ч. 4 арт. 15.5 КаАП (недэклараванне або прадстаўленне недакладных звестак пра тавары ў буйным памеры). Грамадзяніну Латвіі пагражае штраф у памеры ад 10 да 30% кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

Беларускі ўрад пастановай ад 19 кастрычніка забараніў увоз з 15 снежня 2026 года шэрагу тавараў з Латвіі — нібыта ў сувязі са здзяйсненнем ёю “недружалюбных дзеянняў”.

Падзяліцца: