Мінск 16:19

Будрыс абверг інфармацыю пра ціск ЗША на Літву ў пытанні транзіту беларускага калію

Архіўнае фота: belaruskali.by

5 лістапада, Позірк. Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс абверг інфармацыю пра ціск Злучаных Штатаў Амерыкі на Вільнюс, каб той аднавіў транзіт беларускіх угнаенняў па літоўскай тэрыторыі.

“Магу запэўніць і з усёй адказнасцю заявіць — нічога падобнага цяпер не адбываецца”, — заявіў кіраўнік МЗС 4 лістапада ў вечаровым эфіры Žinių radijas. Чыноўнік дадаў, што інфармацыя пра ціск “зусім не адпавядае рэчаіснасці”.

Паводле слоў Будрыса, у размовах з амерыканскім пасланнікам (верагодна, маецца на ўвазе спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл) абмяркоўвалася пытанне санкцый супраць Мінска, аднак тэма ўгнаенняў не закраналася.

“Што тычыцца самога выдання, якое апублікавала гэты матэрыял, магу сказаць, што я вельмі расчараваны (інфармацыю распаўсюдзіла выданне Politico. — “Позірк”.). Яны правяралі ў нас, ці абгрунтаваная гэтая інфармацыя, і для каментарыя пад запіс, і не пад запіс — ва ўсіх выпадках ім некалькі разоў было сказана, што гэта няпраўда”, — заявіў міністр.

Кіраўнік МЗС Літвы таксама дадаў, што ў журналісцкай супольнасці ў стаскнках з установамі існуе “пэўны давер, нельга дазваляць сабе хлусіць”: “Напэўна, адзін раз можна сабе гэта дазволіць, пасля чаго давер скончыцца, і ўсё, ніхто больш не стане пытацца твайго меркавання”.

“Не ведаю, адкуль яны ўсё гэта ўзялі, разумення не маю, што гэта за крыніцы, але мне нічога падобнага не вядома”, — заявіў Будрыс.

30 кастрычніка прэм’ер-міністр гэтай балтыйскай дзяржавы Міндаўгас Сінкявічус заявіў, што Вашынгтон не чыніць ціск на Вільнюс з мэтай аднаўлення транзіту беларускіх калійных угнаенняў праз Клайпедскі порт.

Пра тое, што адміністрацыя амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа працягвае чыніць ціск на Літву ў пытанні транзіту беларускага калію, нягледзячы на еўрапейскія санкцыі, выданне Politico паведаміла 29 кастрычніка.

Як сцвярджалася ў публікацыі, гэта робіцца з той прычыны, што ЗША імкнуцца знізіць залежнасць ад Канады ў дачыненні да крытычна важнага інгрэдыенту ўгнаенняў і дапамагчы скараціць выдаткі амерыканскіх фермераў.

Паводле слоў чатырох еўрапейскіх чыноўнікаў, на якіх спасылалася выданне, Коўл у апошнія тыдні прамацваў глебу ў размовах з літоўскімі дыпламатамі наконт аслаблення блакады тавараў з Беларусі, якая знаходзіцца пад санкцыямі.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і члены ўрада краіны неаднаразова заяўлялі, што тэма ўгнаенняў з Беларусі закрытая да тае пары, пакуль дзейнічаюць адпаведныя санкцыі ЕС.

У траўні літоўскія СМІ са спасылкай на інфармацыю з закрытай сустрэчы з фракцыяй сацыял-дэмакратаў паведамлялі, што Будрыс заяўляў пра ціск ЗША на Літву з мэтай аднаўлення транзіту беларускіх угнаенняў праз яе тэрыторыю.

Крыніцы паведамілі, што ціск чыніцца не толькі на Літву, але і на іншыя краіны рэгіёна, якія маглі б паслужыць “транзітнымі маршрутамі”. Аднак Літва лічыцца “найбольш прывабным маршрутам” для дастаўкі беларускіх угнаенняў да Балтыйскага мора.

Паводле вынікаў сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй 19 сакавіка ў Мінску Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся вызваліць 250 вязняў, з якіх 235 дазволена застацца на радзіме, а 15 былі вывезеныя ў Літву (трое пасля накіраваліся ў Польшчу). У адказ адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа паабяцала зняць у Беларусі частку санкцый (з “Белінвестбанка”, Банка развіцця, Міністэрства фінансаў, “Беларуськалія”, Беларускай калійнай кампаніі).

Упраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Міністэрства фінансаў ЗША (OFAC) 26 сакавіка афіцыйна зняло абмежаванні з “Беларуськалія” і Беларускай калійнай кампаніі (БКК).

Нягледзячы на рашэнне ЗША пра зняццё санкцый з “Беларуськалія”, пазіцыя афіцыйнага Вільнюса па гэтым пытанні застаецца ранейшай, заявіў 19 сакавіка дарадца літоўскага прэм’ер-міністра Ігнас Дабравольскас.

Падзяліцца: