Мінск 10:31

У грамадзянкі Славакіі ў цягніку Калінінград — Масква на беларускай мяжы канфіскавана валюты больш чым на 50 тыс. долараў

6 лістапада, Позірк. Аб канфіскацыі ў грамадзянкі Славакіі каля 53 тыс. долараў ЗША ў эквіваленце ў чыгуначным пункце пропуску “Гудагай“ (мяжа з Літвой) паведаміў Дзяржаўны мытны камітэт.

Пасажырка цягніка Калінінград — Масква пры вусным апытанні заявіла Гродзенскім мытнікам, што вязе 3 тыс. еўра. Пры дадатковай праверцы высветлілася, што пры ёй была сума “ў 17 разоў больш“ за заяўленую (насамрэч, з улікам крос-курсу еўра/долар, у 15,7 раза. — “Позірк“.).

Паводле інфармацыі ДМК, замежная валюта была схаваная ў асабістых рэчах жанчыны і кішэнях яе адзення. Усе грошы канфіскаваныя да рашэння суда.

Паведамляецца аб узбуджэнні дазнаўцамі Гродзенскай рэгіянальнай мытні крымінальнай справы па ч. 2 арт. 228 Крымінальнага кодэкса (кантрабанда). Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле — пяць гадоў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: