Мінск 00:20

Былы спецпрадстаўнік ЗША па Украіне лічыць малаверагодным уварванне туды беларускага войска

Кіт Келаг
Відэазапіс: ютуб-канал Black Sea Security Forum / стоп-кадр: "Позірк"

29 траўня, Позірк. Калі б Аляксандр Лукашэнка цяпер наважыўся на ўварванне ва Украіну з поўначы, гэта “было б абсалютным вар’яцтвам”. Пра гэта заявіў былы (да студзеня 2026 года) спецпрадстаўнік прэзідэнта ЗША па Украіне Кіт Келаг, адказваючы на пытанне мадэратара дыскусіі, якая прайшла 29 траўня ў Адэсе (Украіна) у рамках 3-га Чарнаморскага форуму па бяспецы. Келаг браў удзел у мерапрыемстве па відэасувязі.

“Яго сілы, думаю, былі б разгромленыя. Унутры Беларусі і так існуе сур’ёзная незадаволенасць”, — працягнуў Келаг.

“Я быў сярод тых, хто ездзіў да Лукашэнкі, калі мы спрабавалі дамагчыся вызвалення палітвязняў. Тады нам удалося гэтага дамагчыся. Але цяперашняе нарошчванне сіл звязанае не толькі з Украінай. Беларусь вельмі цесна звязаная з Пуціным, аднак, як мне здаецца, яны таксама асцерагаюцца пагрозы з боку Захаду і магчымага больш шырокага канфлікту“, — дадаў ён.

“Таму, — працягнуў Келаг, — я б не стаў надта турбавацца з-за размоў пра новае ўварванне. Казаць можна многае, але калі на Лукашэнку будуць ціснуць, каб ён пайшоў на такі крок, то гэта, верагодна, стане канцом Лукашэнкі ў тым выглядзе, у якім мы яго ведаем. Яго войска не зможа супрацьстаяць украінскім сілам”.

“Так, паўночны кірунак ужо выкарыстоўваўся як маршрут наступу на Кіеў, але я не бачу паўтарэння такога сцэнару ў будучыні. Гэта было б выключна дурным рашэннем”, — рэзюмаваў былы спецпрадстаўнік.

Перамовы Лукашэнкі і Келага, тады яшчэ спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне, адбыліся ў Мінску 21 чэрвеня 2025 года. Неўзабаве пасля гэтага на волю адпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек, пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа Святланы Ціханоўскай.

Сёлета 13 траўня Паветраныя сілы Узброеных сіл Украіны паведамілі, што Расія правяла маштабную атаку беспілотнікамі, выкарыстаўшы “тэрыторыю Беларусі і Малдовы для пралёту ўдарных БПЛА ў бок Украіны“.

15 траўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паводле вынікаў нарады з кіраўніцтвам структур сіл абароны напісаў у сваім тэлеграм-канале, што ўкраінская выведка фіксуе спробы “пераканаць [Лукашэнку] далучыцца да новых расейскіх агрэсіўных аперацый“. Яму, як сцвярджалася, стала вядома аб планах аперацый “па напрамках на поўдзень і на поўнач ад тэрыторыі Беларусі — альбо супраць чарнігаўска-кіеўскага кірунку ва Украіне, альбо супраць адной з краін НАТО“.

16 траўня камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберт Броўдзі (“Мадзяр“) прыстрашыў Лукашэнку адплатай за пропуск расійскіх ударных дронаў праз Беларусь: “Мінскі гаўляйтар Лукашэску (адначасовае параўнанне са стаўленікамі Гітлера на акупаваных тэрыторыях і з румынскім камуністычным дыктатарам Мікалаэ Чаўшэску, расстраляным у 1989 годзе падчас народнага паўстання. — “Позірк”.)! Мы фіксуем пралёт кожнага без выключэння “Шахеда“, які накіроўваецца ва Украіну, скарыстаўшыся калідорамі Беларусі, кожную без выключэння тваю фрыкцыю і хістанне вайсковага адцення”.

17 траўня пасля начной атакі дронаў на аб’екты ў Маскве і Маскоўскай вобласці Броўдзі зноў звярнуўся да Лукашэнкі: “Масква з гэтага часу ніколі не спіць. Версія 17.05, шанцы зраўняліся: ануляваны аднабаковы абанемент спакойнага жыцця на Патрыках (Патрыярхавых сажалках у Маскве. — Позірк.) і наваколлі”.

Трэці раз Броўдзі, звяртаючыся да Лукашэнкі, заявіў пра “першыя 500 цэляў на алоўку“. “Бясплатная і вельмі практычная парада: не лезь на вочы Украіне“, — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.

Украіна спадзяецца, што Беларусь не пачне ўварванне са сваёй тэрыторыі, але, калі гэта адбудзецца, Кіеў будзе абараняцца ў адпаведнасці з арт.51 Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, заявіў на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН 29 траўня пастаянны прадстаўнік гэтай краіны Андрэй Мельнік.

Дыпламат заявіў, што рэжым Лукашэнкі фактычна адмовіўся ад суверэнітэту, дазволіўшы Маскве выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі, яе вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору. Ён канстатаваў, што Крэмль усё мацней штурхае Беларусь да больш глыбокага ўключэння ў вайну, згадаўшы аб мабілізацыйных мерапрыемствах, разгортванні сучасных ракетных сістэм і навучанні таму, што звязана з ядзернай зброяй.

“Гэта стварае новую, беспрэцэдэнтную пагрозу не толькі Украіне, але і еўрапейскай бяспецы”, — падкрэсліў ён.

Мельнік папярэдзіў, што “любая атака з поўначы выкліча неадкладны і рашучы адказ, а рэжым у Менску сутыкнецца з разбуральнымі наступствамі”. Ён таксама заклікаў Савет Бяспекі ААН узмацніць ціск на Маскву і Мінск, каб прадухіліць новую эскалацыю вайны.

Падзяліцца: