Мінск 16:07

Украіна ўвяла санкцыі супраць БНК і беларуска-кітайскага прадпрыемства ВПК “Волат-Санцзян”

Ілюстрацыйнае фота: "Веснік Белнафтахіма"

30 траўня, Позірк. Украіна ўвяла санкцыі супраць Беларускай нафтавай кампаніі (БНК), а таксама беларуска-кітайскага прадпрыемства вайскова-прамысловага комплексу “Волат-Санцзян”, вынікае з шэрагу дакументаў прынятых кіраўніцтвам краіны з сярэдзіны гэтага месяца.

15 і 20 траўня Кабінет міністраў Украіны выдаў распараджэнні № 453-р і № 484-р з прапановамі “па прымяненні персанальных спецыяльных эканамічных ды іншых абмежавальных мер (санкцый) у адпаведнасці з імплементацыйнымі рэгламентамі ды рашэннямі Савета Еўрапейскага саюза”.

Першым дакументам украінскі ўрад па сутнасці прапанаваў сінхранізаваць нацыянальныя санкцыі з 20-м пакетам абмежавальных мер, які Савет ЕС прыняў 23 красавіка 2026 года. Апошнія еўрапейскія санкцыі закранулі 120 юрыдычных і фізічных асоб — пераважна з Расіі, у меншай ступені — з ААЭ, Беларусі (згаданыя арганізацыі), Інданезіі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана і Узбекістана.

29 траўня Савет нацыянальнай бяспекі і абароны (СНБА) Украіны вырашыў падтрымаць прапановы Кабміна, у той жа дзень прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў два ўказы, якія прыводзяць у дзеянне рашэнні СНБА.

Згодна са звесткамі на сайце апарата СНБА, санкцыі Украіны зараз распаўсюджваюцца на 22.575 фізічных і юрыдычных асоб, у тым ліку на 381 з Беларусі (1,7% усіх суб’ектаў пад абмежавальнымі мерамі). Са 130 дзяржаў і тэрыторый, у дачыненні да прадстаўнікоў якіх дзейнічаюць украінскія санкцыі, Беларусь займае 4-е месца, саступаючы толькі Расіі (18.218 суб’ектаў пад абмежаваннямі), самой Украіне (2.245) ды Ірану (534).

Савет ЕС у абгрунтаванні свайго красавіцкага рашэння адзначаў, што створанае Мінскім заводам колавых цягачоў (МЗКЦ) сумеснае прадпрыемства “Волат-Санцзян” вырабляе колавыя шасі для вайсковай тэхнікі, уключаючы рэактыўныя сістэмы залпавага агню, якія выпускаюцца МЗКЦ. Такім чынам, яно з’яўляецца часткай вайскова-прамысловага комплексу Беларусі, “удзельнічаючы ў распрацоўцы, вытворчасці і пастаўцы вайсковай тэхнікі і абсталявання”. Аналагічныя фармулёўкі тычыліся кітайскага заснавальніка кампаніі. Савет ЕС падкрэсліваў, што “ўпершыню ў рамках санкцыйнага рэжыму супраць Беларусі пад санкцыі трапляе кітайская дзяржаўная кампанія — праз яе ўдзел у вытворчасці беларускай вайсковай прадукцыі”.

Беларуская нафтавая кампанія, гаварылася ў абгрунтаванні, з’яўляецца “вядучым экспарцёрам нафтапрадуктаў Беларусі”, якая “належыць некалькім буйным прадпрыемствам нафтаздабычы і нафтаперапрацоўкі Рэспублікі Беларусь, уключаючы “Беларуснафту” і “Нафтан”.

Заяўлялася, што праз структуру ўласнасці БНК кантралюецца ўрадам Беларусі. Прызначэнне генеральнага дырэктара кампаніі ўзгадняецца Аляксандрам Лукашэнкам, які таксама вызначае кірунак яе дзейнасці. Такім чынам, БНК “звязаная з арганізацыямі, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі, належыць і кантралюецца структурамі, адказнымі за прыгнечанне беларускай грамадзянскай супольнасці і падтрымку рэжыму Лукашэнкі”.

24 лютага 2022 года РФ распачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле даных расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы зараз актыўна займаюцца вытворчасцю для расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: