Мінск 10:17

Камітэт па абароне журналістаў заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх прадстаўнікоў СМІ

Ілюстрацыя: сайт БАЖ

17 верасня, Позірк. Камітэт па абароне журналістаў (CPJ) заклікаў беларускія ўлады “неадкладна і без якіх-небудзь умоў” вызваліць прадстаўнікоў СМІ, якія застаюцца ў зняволенні.

Заява прагучала пасля таго, як стала вядома аб вызваленні пецярых медыяменеджараў і журналістаў: Андрэя Аляксандрава, Дзмітрыя Наважылава, Кірыла Пазняка, Яніны Пазняк і Людмілы Чэкінай.

“Мы вельмі рады і адчуваем велізарную палёгку, бачачы, што Андрэй Аляксандраў, Дзмітрый Наважылаў і Кірыл Пазняк нарэшце выйшлі на волю. Іх наогул не павінны былі саджаць у турму: святкуючы сёння іх вызваленне, мы адначасова з болем ўсведамляем, колькі гадоў яны страцілі і праз якія жудасныя выпрабаванні ім давялося прайсці проста за тое, што яны выконвалі сваю працу”, — заявіла рэгіянальны дырэктар CPJ па Еўропе і Цэнтральнай Азіі Фіёна О’браэн.

“Нашы думкі таксама з 18 іншымі журналістамі, якія па-ранейшаму знаходзяцца ў зняволенні ў Беларусі”, — дадала яна.

Як паведамлялася, вызвалення ўсіх беларускіх прадстаўнікоў СМІ 16 верасня запатрабавала таксама міжнародная арганізацыя RSF (“Рэпарцёры без межаў”).

16 верасня па выніках перамоў у Мінску спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі вызвалена 25 палітвязняў, у тым ліку пяць прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Яны вывезены ў Літву.

Паводле даных Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), у зняволенні застаецца 15 работнікаў СМІ.

Падзяліцца: