Мінск 15:19

Ваенныя аташэ пяці краін НАТО “змаглі асабіста пераканацца” ў абарончым характары вучэнняў на захадзе Беларусі — Мінабароны

Фота: Мінабароны

17 верасня, Позірк. Акрэдытаваныя ў Беларусі вайсковыя дыпламаты, уключаючы прадстаўнікоў пяці краін — членаў НАТО, “змаглі асабіста пераканацца” ў “выключна абарончым характары” камандна-штабных вучэнняў з войскамі Заходняга аператыўнага камандавання (ЗАК). Пра гэта 17 верасня паведаміла Міністэрства абароны.

Ведамства падкрэсліла, што вучэнні накіраваныя на “ўмацаванне здольнасці войскаў Рэспублікі Беларусь забяспечваць абарону суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы”.

Сцвярджаецца, што ваенныя аташэ “азнаёміліся з дзеяннямі беларускіх вайскоўцаў па адпрацоўцы ўзаемадзеяння авіяцыі і мотастралковых падраздзяленняў”.

За вучэннямі назіралі аташэ Балгарыі, Венгрыі, Турцыі, ЗША і Чэхіі, якія ўваходзяць у НАТО, гаворыцца ў паведамленні.

15 верасня начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка заявіў, што вучэнні з войскамі ЗАК, якія праводзяцца 15–18 верасня на трох палігонах і ўчастках мясцовасці ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, “не нясуць нікому пагрозы”.

Пры гэтым шэраг замежных СМІ звярнуў увагу на тое, што вучэнні праходзяць у тым ліку недалёка ад Сувалкскага калідора (так называюць вузкі ўчастак на тэрыторыі Польшчы і Літвы).

Заходнія эксперты і вайскоўцы лічаць гэтае месца “слабым звяном”, паколькі патэнцыйнае заняцце калідора беларускімі і расійскімі войскамі не толькі адрэжа краіны Балтыі ад астатніх дзяржаў Еўрасаюза на сушы, але і злучыць Гродзенскую вобласць з расійскім эксклавам — Калінінградскай вобласцю, што нібыта дазволіць арганізаваць хуткую прамую пастаўку туды ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. На гэтым фоне вучэнні сілавікоў, у тым ліку вайскоўцаў, кіруючы рэжым праводзіць практычна безупынна.

Падзяліцца: