Мінск 19:32

СБУ затрымала жыхарку Данецка — ваявала на баку РФ, уехала ва Украіну праз Беларусь для абмену пашпарта

Фота: СБУ

23 кастрычніка, Позірк. Служба бяспекі Украіны (СБУ) паведаміла пра затрыманне жыхаркі акупаванага Данецка, якая раней ваявала ў войску Расіі супраць Украіны, але вярнулася ў краіну праз Беларусь, каб зрабіць замежны пашпарт для выезду ў ЕС.

Адзначаецца, што жанчыну “выкрылі” ў пункце пропуску Даманава (з беларускага боку — Макраны), праз які яна ўязджала ва Украіну. Паводле даных спецслужбы, пасля абмену пашпарта яна планавала адправіцца ў адну з краін Еўрасаюза для пастаяннага пражывання.

СБУ паведамляе, што да пачатку поўнамаштабнай вайны жанчына працавала медсястрой у Данецкай абласной клінічна-псіхіятрычнай бальніцы, у канцы лютага 2022 года яна добраахвотна далучылася да 91-га асобнага стралковага палка 1-га армейскага корпуса Паўднёвай вайсковай акругі РФ, знаходзілася на службе да жніўня 2024-га.

Затрыманую падазраюць у “дзяржаўнай здрадзе, здзейсненай ва ўмовах ваеннага становішча” (ч. 2 арт. 111 Крымінальнага кодэкса Украіны), ёй пагражае пажыццёвае пазбаўленне волі з канфіскацыяй маёмасці.

22 верасня СБУ паведаміла аб затрыманні ў Кіеве “кілера ФСБ”, жанчына, як адзначалася, атрымала ад Федэральнай службы бяспекі РФ (ФСБ) заданне “ліквідаваць расійскага апазіцыянера, які цяпер узначальвае адну з агульнаўкраінскіх грамадскіх арганізацый”. Яна ўехала ва Украіну праз Беларусь.

Падзяліцца: