Мінск 16:17

Расія і Украіна правялі чарговы абмен ваеннапалоннымі на тэрыторыі Беларусі

23 кастрычніка, Позірк. Аб чарговым абмене ваеннапалоннымі паміж Расіяй і Украінай, які прайшоў у беларускім пункце пропуску Новая Гута (з украінскага боку — Новыя Ярылавічы) паведамілі 23 кастрычніка дзяржСМІ.

Паводле іх звестак, бакі перадалі адно аднаму па 270 чалавек.

Гэта адзінаццаты з пачатку года падобны абмен на тэрыторыі Беларусі, дзясяты адбыўся 24 жніўня ў фармаце “10 на 10”.

Мінабароны РФ паведаміла, што “вернутыя расійскія вайскоўцы цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з імі працуе ўпаўнаважаная ў правах чалавека ў Расіі Яна Лантратава”.

Традыцыйна адзначаецца, што “пасля аказання неабходнай псіхалагічнай і медыцынскай дапамогі расійскія вайскоўцы будуць дастаўленыя ў Расійскую Федэрацыю для праходжання далейшага лячэння і рэабілітацыі ў медыцынскіх установах Мінабароны Расіі”.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што “дадому вяртаюцца нацгвардзейцы, у тым ліку воіны “Азова”, памежнікі, байцы тэрытарыяльнай абароны, вайскоўцы Вайскова-марскіх сіл, Сухапутных войскаў, Дэсантна-штурмавых войскаў, Дзяржаўнай спецыяльнай службы транспарту, а таксама дзевяць грамадзянскіх асоб”. Большасць з іх, падкрэсліў кіраўнік украінскай дзяржавы, знаходзіліся ў палоне з 2022 года.

“Большасць вызваленых — воіны, якія абаранялі Украіну ў Марыупалі, — дадаў Зяленскі. — Таксама вяртаюцца абаронцы з Данецкага, Луганскага, Харкаўскага, Запарожскага, Херсонскага, Кіеўскага, Мікалаеўскага і Чарнігаўскага кірункаў. Многія былі незаконна асуджаныя ў Расіі. Сярод тых, хто вяртаецца, — пяць чалавек, якіх лічылі загінулымі падчас расійскага тэракту ў Яленаўцы ў ліпені 2022 года”.

У той жа час украінскі амбудсмэн Дзмітро Лубінец паведаміў, што ў краіну 23 кастрычніка вернута 7 цывільных асобаў.

Першы сёлета абмен украінскімі і расійскімі ваеннапалоннымі праз тэрыторыю Беларусі адбыўся 5 лютага (157 чалавек з кожнага боку), другі — 5 сакавіка (па 200), трэці — 6 сакавіка (па 300), чацвёрты — 11 красавіка (па 175 вайскоўцаў і 7 грамадзянскіх), пяты — 24 красавіка (па 193 вайскоўцаў), шосты — 15 траўня (па 205 вайскоўцаў), сёмы — 5 чэрвеня (па 185 вайскоўцаў), восьмы — 26 чэрвеня (па 160 вайскоўцаў), дзявяты — 19 жніўня (па 103 вайскоўцы).

22 кастрычніка ў Новай Гуце Украіна і Расія правялі чарговы абмен целамі загінулых.

Падзяліцца: