Мінск 12:20

Неналежная праца чыноўнікаў у Брэсцкай вобласці прывяла да парушэнняў у сферы абароны правоў дзяцей-сірот — пракуратура

Ілюстрацыйнае фота: Brett Jordan / unsplash.com

26 лістапада, Позірк. Органы пракуратуры Брэсцкай вобласці ўнеслі 15 прадстаўленняў аб выпраўленні парушэнняў па выніках праверкі таго, як забяспечваецца сацыяльная абарона дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і асоб з іх ліку.

Служба інфармацыі абласной пракуратуры адзначыла, што “прычынамі выяўленых парушэнняў заканадаўства аб абароне правоў дзяцей-сірот з’яўляецца неналежнае выкананне абавязкаў адказнымі асобамі аддзелаў (упраўленняў) па адукацыі”.

Наглядны орган унёс у аблвыканкам абагульненае прадстаўленне, у якім прапанаваў “канкрэтныя мерапрыемствы па выпраўленні выяўленых недахопаў”.

У прыватнасці, як заяўлена, “не заўсёды належным чынам аналізуецца інфармацыя пры прыняцці рашэння органамі кіравання адукацыяй пра гатоўнасць кандыдата ў замяшчальныя бацькі (Баранавіцкі гарвыканкам, Жабінкаўскі, Івацэвіцкі райвыканкамы, адміністрацыя Ленінскага раёна г. Брэста)”.

У шэрагу раёнаў не напоўніцу забяспечаны належны кантроль за рэалізацыяй жыллёвых правоў дзяцей-сірот. Так, толькі прадпісанне пракуратуры падштурхнула адзін з каледжаў абласнога цэнтра звярнуцца ў выканкам з заявай, каб непаўналетнюю паставілі на ўлік асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Хадайніцтва задаволенае.

Аналагічным чынам на прадпісанне пракурора Камянецкага раёна зробленыя захады па абароне жыллёвых правоў траіх непаўналетніх, якія знаходзяцца пад апекай.

Знойдзеныя недахопы таксама ў сферы маёмасных правоў — у выяўленні, уліку, кіраванні маёмасцю падапечных і ажыццяўленні кантролю за яе захаванасцю.

Высветлена, што ў шэрагу выпадкаў малалетнім — пры дасягненні 7-гадовага ўзросту — выдзяляліся грошы на асабістыя выдаткі ў памеры, які быў або значна вышэйшы, або значна ніжэйшы за вызначаны заканадаўствам узровень. Часам сродкі ўвогуле не выдзяляліся.

У Брэсце пракуроры выявілі факт невыканання медыцынскіх рэкамендацый замяшчальным бацькам: пры неабходнасці штомесячнага наведвання пэўнага спецыяліста непаўналетні быў на прыёме ўрача толькі двойчы.

Колькасць дзяцей-сірот, а таксама дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, за пяць гадоў павялічылася больш як на чвэрць, паказаў праведзены “Позіркам” у траўні аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

На канец 2020 года такіх было 2.122, а па выніках 2025-га — 2.667 (+26,3%).

Разам з тым колькасць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу за пяць гадоў зменшылася на 2,7% (з 291 да 283).

Падзяліцца: