Лукашэнка параўнаў беларускія пратэсты з французскімі, зноў абразіў Ціханоўскую
25 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што палітычная апазіцыя ўнутры Беларусі ёсць. “Пяць кандыдатаў у прэзідэнты было на апошніх выбарах*”, — заявіў ён у інтэрв’ю французскаму часопісу Le Point, тэкст якога прыводзяць дзяржСМІ.
На рэмарку журналісткі Ан Ніва пра наяўнасць апазіцыі па-за краінай, Лукашэнка сказаў: “дык якая гэта апазіцыя? Калі вы маеце на ўвазе збеглых нашых (іх у нас называюць “збеглыя“, а не “апазіцыя“), дык мы іх не выганялі з краіны. Яны павінны былі, хто вінаваты… Як у вас, у Францыі. [Эмануэль] Макрон мае рацыю: хто громіць, той адкажа па законе. Так і я кажу:“хлопцы, хто там граміў (а ў нас гэта было), вы адкажаце па законе”. Яны зразумелі, што прыйдзецца адказваць, збеглі. Ну, збеглі. Я іх не ўтрымліваў. Я нікога не выганяў. Больш за тое, мы многіх вярнулі”.
Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, некаторыя беларусы, якія знаходзяцца за мяжой, “баяцца вяртацца”, паколькі “арганізоўвалі пратэсты” — “дзве, тры ці чатыры сотні” чалавек.
“Мы бачым: калі ты не граміў, калі ты не разбіваў вітрыны ў Парыжы там на галоўнай вуліцы (гэта я паралель праводжу), ну так, калі ласка, вяртайся”, — адзначыў Лукашэнка.
“Мы сваякоў не хапалі і не саджалі іх у турмы, не ціснулі на іх. Уласнасць у іх не адбіралі”, – дадаў ён.
Узгадваючы падзеі 2020 года, Лукашэнка заявіў, што “дзейнічаў у рамках прэзідэнцкіх паўнамоцтваў”, каб “не дапусціць змены ўлады” ў выніку пратэстаў.
Гаворачы аб вызваленні Сяргея Ціханоўскага, ён заявіў: “Адна (дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. — “Позірк”.) папрасіла, каб сужэнца адпусцілі. Аж да Трампа дайшла: “Адпусціце Сярожу, адпусціце!” Мы Сярожу адпусцілі. Дзе гэты Сярожа? Там, яна — тут (у розных краінах. — “Позірк”.).
“Сярожа там учыніў цэлы скандал, — працягнуў Лукашэнка. — Ну а хто пагодзіцца з тым, што яго жонка, маці яго дзяцей куляецца па Еўропе, па свеце з нейкімі там мужыкамі, а ён недзе ўбаку. Ну, гэта іх справа. Яна прасіла адпусціць яе за мяжу — я ёй дапамог. І грашыма дапамог, і вывез. Папрасіла мужа адпусціць — бяры“.
Паводле даных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінула Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года. Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называе меншую лічбу — 100 тыс.
У снежні 2024 года цэнтр BEROC прадставіў даследаванне “Адаптацыйныя стратэгіі мігрантаў з Беларусі і Украіны на рынку працы Еўрапейскага саюза”, згодна з высновай якога большасць беларусаў, якія эмігравалі, гатова вярнуцца на радзіму ў выпадку змены ўлады і спынення рэпрэсій.
У кастрычніку 2025-га паведамлялася, што больш за сто чалавек было затрымана пасля вяртання ў Беларусь, але лічба можа быць значна вышэйшай. Аб допытах і затрыманнях у беларускіх пунктах пропуску ПЦ “Вясна” рэгулярна атрымлівае паведамленні ўжо некалькі гадоў.
Лукашэнка неаднаразова выказваўся пра Ціханоўскую ва ўніжальным тоне. У ліпені 2021 года на сустрэчы з “актывам мясцовай вертыкалі” ён назваў яе “дурніцай” і “мярзотнікам”.
Ціханоўскі быў вызвалены і вывезены за мяжу ў чэрвені мінулага года пасля пяцігадовага знаходжання ў няволі. Цяпер пражывае ў ЗША, яго жонка, беларускі дэмакратычны лідэр, жыла ў Літве, з лютага 2026 года — у Польшчы.
Паводле незалежных сведчанняў, Святлана Ціханоўская атрымала падзебу над Лукашэнкам на выбарах 9 жніўня 2020 года.
* Сёмыя “прэзідэнцкія выбары” адбыліся ў Беларусі 26 студзеня 2025 года і адрозніваліся найбольшымі за ўсю гісторыю іх правядзення прыгнечаннем свабод і кіравальнасцю ўладамі. Кандыдатамі, акрамя Лукашэнкі, былі Алег Гайдукевіч, Ганна Канапацкая, Сяргей Сыранкоў і Аляксандр Хіжняк. Усе (за выключэннем Канапацкай) — адкрыта праўладныя дзеячы, у межах кампаніі падтрымлівалі яго. Яна фармальна не падтрымлівае Лукашэнку, але і не крытыкуе, абразліва выказваецца ў дачыненні да апанентаў улады.
** Праваабаронцы неаднаразова фіксавалі выпадкі ціску на сваякоў палітэмігрантаў, у тым ліку з пагрозамі забраць уласнасць.
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- ЭканомікаУ кастрычніку Беларусь заняла 10-е месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУпершыню з сярэдзіны сакавіка суседнія краіны ЕС не назіраюць актыўнасці мігрантаў двое сутак запарМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- ГрамадстваЗа дзесяць месяцаў у Беларусі выяўленыя 784 выпадкі ВІЧ-інфекцыіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+

