Мінск 15:39

Лукашэнка зноў адрынуў датычнасць Беларусі да расійскай агрэсіі супраць Украіны

Архіўнае фота: тэлеграм-канал кіраўніка Адэскай вобласці Алега Кіпера

25 лістапада, Позірк. З чарговым сцвярджэннем аб недатычнасці Беларусі да расійскай агрэсіі супраць Украіны выступіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю французскаму часопісу Le Point.

Фрагменты інтэрв’ю публікуе 25 лістапада прэс-служба палітыка і дзяржСМІ.

“Не трэба нас прышпільваць да таго, што мы вось агрэсары і гэтак далей, і да таго падобнае. Вы нас прышпілілі да гэтай вайны і лічыце агрэсарамі. Вы не памыляецеся — вы ведаеце праўду, але чамусьці кажаце няпраўду”, — сказаў ён.

Паводле яго сцвярджэння, Беларусь не мела дачынення да пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года.

“Ніякай базай мы для Расіі і атакі на Украіну не былі”, — заявіў Лукашэнка.

Ён зноў сказаў, што пасля завяршэння сумесных вучэнняў расійскія войскі пачалі пакідаць Беларусь, аднак сканцэнтраваныя ў тым ліку ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях падраздзяленні “чамусьці павярнулі на Кіеў”.

“Мы да гэтай вайны не маем дачынення. Я не ведаў пра пачатак вайны, і Генштаб Расіі мяне аб гэтым не інфармаваў”, — сцвярджае палітык.

Разам з тым Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў развязванні эканамічнай вайны супраць Беларусі. Паводле яго слоў, Кіеў, апярэджваючы Еўрасаюз, увёў санкцыі ў дачыненні да Мінска, закрыў паветраную прастору для беларускай авіяцыі, арыштаваў чыгуначныя вагоны з мінеральнымі ўгнаеннямі, захапіў дзясяткі вялікагрузных аўтамабіляў і іх кіроўцаў.

Увядзенне ўкраінскіх санкцый Лукашэнка патлумачыў “пераацэнкай сваіх магчымасцяў і неспрактыкаванасцю” прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Ён таксама заявіў, што цяпер Расія не вядзе ваенных дзеянняў з тэрыторыі Беларусі, абвінаваціўшы пры гэтым украінскі бок у спробах здзяйснення дыверсій.

Адначасова Лукашэнка звярнуў увагу на садзейнічанне Мінска абмену ваеннапалоннымі і целамі загінулых паміж Расіяй і Украінай.

Сцвярджэння Лукашэнкі аб апярэджанні Украінай Еўрасаюза пры ўвядзенні санкцый у дачыненні да Беларусі толькі часткова адпавядае рэчаіснасці.

Першыя пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года санкцыі ЕС увёў 2 кастрычніка таго ж года. Аб далучэнні Украіны да гэтага санкцыйнага пакета Савет ЕС паведаміў 20 лістапада.

Пасля прымусовай пасадкі 23 траўня 2021 года ў Мінску самалёта ірландскай авіякампаніі Ryanair і затрымання Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, якія знаходзіліся на яго борце, Украіна спыніла авіязносіны з Беларуссю 26 траўня, а з 29 траўня закрыла сваю паветраную прастору для зарэгістраваных у Беларусі самалётаў.

ЕС увёў аналагічную забарону 4 чэрвеня, аднак рашэнне аб неабходнасці прыняцця такіх мер еўрапейскія лідары ўзгаднілі яшчэ 24–25 траўня.

Іншыя згаданыя Лукашэнкам меры, звязаныя з арыштам беларускай маёмасці, прымаліся ўжо пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Рэжым Лукашэнкі прадаставіў расійскай арміі тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну. З беларускай тэрыторыі таксама вяліся ракетныя абстрэлы ўкраінскіх населеных пунктаў.

21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Лукашэнка прызнаў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзеная 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў.

26 студзеня 2025 года на прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне аб прадастаўленні Расіі беларускай тэрыторыі для нападу на Украіну, Лукашэнка заявіў: “Я ні пра што не шкадую”. Тады ж ён адкрыта прызнаў, што Беларусь дапамагае Расіі. Ён таксама выказаў чарговую версію расійскага ўварвання ва Украіну з беларускай тэрыторыі пасля праведзеных сумесных вучэнняў у лютым 2022-га: “Вывернулі і міма Гомеля ўвайшлі. Прама ў Кіеў увайшлі фактычна”.

У беларускіх медыцынскіх установах праходзяць лячэнне параненыя расійскія вайскоўцы, на прадпрыемствах рамантуецца пашкоджаная расійская вайсковая тэхніка. Як неаднаразова паведамляў “Позірк”, у тым ліку са спасылкай на шматлікія расследаванні, Беларусь таксама арганізавала выпуск прадукцыі для патрэб расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: